Учора ў Нацыянальным санктуарыя Маці Божай Будслаўскай згарэў дах. Па словах арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, «гэта вельмі вялікая трагедыя» як для Касцёла ў Беларусі, так і для краіны, бо нацыянальны санктуарый у Будславе з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, а будслаўскі фэст унесены UNESCO ў Рэпрэзентацыйны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва.
«Бог прамаўляе да нас праз розныя падзеі, праз свае знакі. Сёння наша краіна знаходзіцца ў вельмі вялікім крызісе. І гэта не толькі грамадска-палітычны, але і маральны крызіс. Гэтае сумнае здарэнне – заклік Бога да таго, каб мы асэнсавалі сваё жыццё з пункту гледжання маральнага закону, духу Евангелля, і стараліся ўпарадкаваць сваё жыццё праз малітву, пакаянне, прабачэнне і імкненне да міру ў нашым грамадстве», – сцвердзіў іерарх.
«Калі згарэў Нотр-Дам у Парыжы, Францыя стала на калені. Перад абліччам будслаўскай трагедыі станем і мы на калені, перапросім Бога за нашыя асабістыя грахі і грахі нашага народа, паяднаемся адзін з адным. Мы розныя, але мы – адзін беларускі народ», – працягваў арцыбіскуп.
Абвешчаны збор сродкаў на аднаўленне касцёла ў Будславе.
ав/catholic.by