«Наш Адміністрацыйны камітэт рэкамендаваў прыпыніць членства Беларускага саюза журналістаў», – паведамілі ў Твітары прадстаўнікі Міжнароднай федэрацыі журналістаў. У той жа час яны нагадалі, што журналісты заслугоўваюць самай поўнай падтрымкі ў гэтыя крытычныя часы. «Вызваліце зняволеных журналістаў!» – заклікалі прадстаўнікі міжнароднай арганізацыі.
У лютым 2020 года праўладны Беларускі саюз журналістаў (БСЖ) узначаліў палітычны аглядальнік БТ Андрэй Крывашэеў, нагадвае «Наша Ніва».
Міжнародная федэрацыя журналістаў (IFJ) – найбуйнейшая ў свеце арганізацыя прафесійных медыйшчыкаў, якая існуе з 1926 года. Яе штаб-кватэра знаходзіцца ў Бруселі.
Сёння яна прадстаўляе каля 600 тысяч журналістаў з больш чым 139 краін свету. IFJ абараняе сацыяльныя і прафесійныя правы журналістаў, якія працуюць у друкаванай і анлайн-прэсе.
Арганізацыя мае кансультатыўны статус у ЮНЕСКА, Міжнароднай арганізацыі працы, Сусветнай арганізацыі інтэлектуальнай уласнасці, Камітэце па правах чалавека, а таксама ў Савеце Еўропы і іншых міжнародных структурах.
аз