Беларуская Служба

Міжнародная арганізацыя працы будзе прымаць захады ў сувязі з рэпрэсіямі ў Беларусі

18.01.2023 15:11
Падчас эканамічнага форуму ў Давосе лідар дэмакратычнай апазіцыі Беларусі Святлана Ціханоўская правяла шэраг сустрэчаў з кіраўнікамі замежных краінаў і сусветных арганізацыяў.
    .
Святлана Ціханоўская і Жыльбэр Унгбо.Foto: Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

У прыватнасці адбылася сустрэча Святланы Ціханоўскай з кіраўніком Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) Жыльбэрам Унгбо.

Ціханоўская распавяла пра апошнюю хвалю рэпрэсій супраць беларускіх працоўных, адзначыла пастаянныя парушэнні іх правоў. Яны абмеркавалі апошнія прысуды лідарам незалежных прафсаюзаў, у тым ліку справу Аляксандра Ярашука, які таксама з'яўляецца чальцом кіроўнай рады МАП.

Кіраўнік МАП запэўніў Ціханоўскую, што арганізацыя пад яго кіраўніцтвам будзе трымаць Беларусь у фокусе і настойваць на спыненні рэпрэсій супраць працоўных і вызваленні ўсіх зняволеных прадстаўнікоў рабочага руху.

Ціханоўская выказала спадзяванне, што гэта хоць прымяненне артыкулу 33 Статуту МАП у дачыненні да Беларусі і крайняя мера, але яна дапаможа вызваліць працоўных і прафсаюзных лідараў з турмаў. Ціханоўская запэўніла, што ў найбліжэйшы час дэмакратычныя сілы прадставяць у МАП прапановы па рэалізацыі 33-га артыкулу, які прымяняецца ў дачыненні да краінаў, якія сістэматычна не выконваюць патрабаванні і рэкамендацыі МАП.

Артыкул 33 Статуту МАП гучыць так:

«Калі які-небудзь член Арганізацыі не выканае ва ўстаноўлены тэрмін рэкамендацыі, якія могуць змяшчацца ў дакладзе вышэйзгаданай камісіі (Камісія адмыслова ствараецца для расследавання пэўных выпадкаў. – Рэд.) або ў рашэнні Міжнароднага Суда, то Адміністрацыйная рада можа рэкамендаваць Канферэнцыі такія дзеянні, якія ён палічыць мэтазгоднымі для забеспячэння выканання гэтых рэкамендацый».

Паводле Прэс-службы Офіса Святланы Ціханоўскай / вх