У сераду, 26 ліпеня прадстаўнікі ЕЗ узгаднілі ўвядзенне новага больш жорсткага пакета санкцый у дачыненні да Беларусі, чытаем на партале zerkalo.io.
«Амбасадары ЕЗ дамовіліся аб прыняцці абмежавальных мер з прычыны сітуацыі ў Беларусі і датычнасці Беларусі да расійскай агрэсіі супраць Украіны», – паведамляе прадстаўніцтва Іспаніі. Менавіта Іспанія старшынюе ў Савеце Еўрасаюза.
У новы санкцыйны спіс увайшлі фізічныя і юрыдычныя асобы Беларусі. Сам спіс пакуль не публікуецца.
Раней было неафіцыйна вядома, што ў пакеце «ваенных» санкцый будуць сектаральныя санкцыі на прадукцыю ваеннага і двайнога прызначэння, зброю, амуніцыю, авіяцыйную прадукцыю і тэхналогіі. Пакет паўторыць санкцыі супраць Расіі, каб блакаваць магчымыя нелегальныя пастаўкі ў РФ ваенных кампанентаў.
Таксама паведамлялася, што Еўрапейскі саюз мае намер да 9 жніўня прыняць новы пакет санкцыяў у сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі. Раней Reuters пісала, што сярод прапановаў былі абмежаванні на імпарт з Беларусі нафты, вугалю і золата, а таксама на экспарт пэўных машын і тэхналогій, якія могуць быць скарыстаны вайскоўцамі.
На гэты момант у дачыненні да беларускіх уладаў уведзены шэсць пакетаў еўрапейскіх санкцый, апошні быў прыняты каля года таму. Наколькі вядома, у новых пакетах змякчэння дзейных санкцый, у тым ліку адносна экспарту калійных угнаенняў, не плануецца.
эж