Беларуская Служба

Беларусь ініцыявала дэнансацыю пагаднення з Украінай аб вайскова-тэхнічнай супрацы

17.08.2023 12:01
Згодна з адпаведнай пастановай, МЗС Беларусі мусіць праінфармаваць аб гэтым рашэнні ўрад Украіны.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.GDJ/pixabay.com/CC0

Савет Міністраў Беларусі дэнансаваў пагадненне аб вайскова-тэхнічнай супрацы, падпісанае з урадам Украіны 16 снежня 1994 года, і пратакол да яго, падпісаны 16 чэрвеня 2003 года.

Згодна з адпаведнай пастановай, абнародаванай на прававым партале Беларусі, Міністэрства замежных спраў Беларусі мусіць праінфармаваць аб гэтым рашэнні ўрад Украіны. Пастанова набірае юрыдычную моц з дня афіцыйнай публікацыі, 17 жніўня 2023 года, паведамляе «Свабода».

Пагадненне аб вайскова-тэхнічнай супрацы прадугледжвала развіццё кааперацыі па распрацоўцы, вытворчасці і рамонце вайсковай прадукцыі, а таксама ўзаемных паставак вайсковай прадукцыі і паслуг у гэтай сферы.

Згодна з дакументам, кожны бок мае права на яго дэнансацыю, якая набудзе юрыдычную моц праз 6 месяцаў з даты атрымання адным з бакоў адпаведнага паведамлення.

Украіна ўжо выйшла або спыніла дзеянне больш як 30 міжнародных пагадненняў і ўгодаў з Беларуссю. Аднак гэтае пагадненне пакуль застаецца дзейным для Украіны.

У снежні 2022 года Украіны спыніла дзеянне чатырох угодаў з Беларуссю ў сферы вайскова-тэхнічнай супрацы – аб узаемных пастаўках узбраення, вайсковай тэхнікі, іншых матэрыялаў і паслуг у сферы абароны і бяспекі (падпісанае ў Мінску 16 снежня 1994 года), аб дадатковых захадах даверы і бяспекі (падпісанае ў Кіеве 16 кастрычніка 2001 года), аб супольных навукова-даследчых і канструктарскіх працах у сферы ўзбраення і вайсковай тэхнікі (падпісанае 18 кастрычніка 2005 года ў Мінску), а таксама аб узаемнай абароне правоў на вынікі інтэлектуальнай дзейнасці ў сферы вайскова-тэхнічнай супрацы (падпісанае 18 кастрычніка 2005 года ў Мінску).

Паводле ацэнак украінскага боку, пакуль яшчэ застаюцца дзейнымі каля 100 міжнародных дакументаў, падпісаных на дзяржаўным, урадавым і галіновым узроўнях паміж Украінай і Беларуссю, каля 300 – з Расіяй і амаль 200 – у межах СНД.

Парламенцкі камітэт у замежных справах заклікаў урад Украіны падрыхтаваць іх пералік для далейшага спынення дзеяння і выхаду з іх Украіны.

Аляксандр Лукашэнка падтрымаў агрэсію Расіі супраць Украіны і дазволіў з 24 лютага 2022 года скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварвання расійскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

аз

Прэзідэнт Анджэй Дуда: Спыненне гібрыдных атакаў – умова паляпшэння адносінаў з Польшчай

16.08.2023 16:00
На мінулым тыдні беларускі дыктатар нечакана заявіў, што хоча палепшыць адносіны паміж Беларуссю і Польшчай.