Журналіста Радыё Свабода Ігара Лосіка, які ўжо тры з паловай гады знаходзіцца ў няволі і цяпер утрымліваецца ў Наваполацкай калоніі, тэрмінова выклікаюць у аддзел прымусовага выканання Баранавіцкага раёну і гораду Баранавічы.
26 снежня на імя Ігара Лосіка прыйшла позва, у якой ён названы «даўжніком». Судовы выканаўца патрабуе тэрмінова спагнаць з Лосіка «выдаткі на ўтрыманне дзіцяці, кіруючыся артыкулам 37 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб выканаўчым вядзенні«».
У выпадку няяўкі да судовага выканаўцы «без важкай прычыны» Ігара Лосіка могуць «прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці паводле артыкула 25.6 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях», пазначана ў позве.
Асадкай унізе аркуша напісана: «Звяжыцеся тэрмінова з судовым выканаўцам».
З позвы вынікае, што ў аддзеле прымусовага выканання Баранавіцкага раёну і Баранавічаў не ведаюць, што Лосік ужо 3,5 года знаходзіцца за кратамі.
Ігара Лосіка затрымалі ў яго дома ў Баранавічах 25 чэрвеня 2020 году. У снежні 2021 году Гомельскі абласны суд прызначыў яму 15 гадоў калоніі. Пакаранне журналіст Свабоды адбывае ў Наваполацкай калоніі № 1. З 20 лютага 2022 году сувязі з ім няма. Паводле інфармацыі дасведчанай крыніцы, Ігар ужо больш за 6 месяцаў знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу.
18 кастрычніка 2021 году затрымалі жонку Ігара Дар’ю Лосік, у студзені 2022 году яе асудзілі на 2 гады за каментар тэлеканалу «Белсат», які быў прызнаны «экстрэмісцкім». Дар’я адбывае пакаранне ў Гомельскай жаночай калоніі № 4.
У Ігара і Дар'і Лосікаў ёсць чатырохгадовая дачка Паўліна, апеку над якой аформілі Дар’іны бацькі. Ад дзяржаўнай дапамогі на дзіця яны адмовіліся, гадуюць і выхоўваюць унучку разам з бацькамі Ігара.
Гэта ўжо не першая позва, якая прыходзіць на імя Ігара Лосіка з суду і аддзелу прымусовага пакарання Баранавіцкага раёну.
яс/Радыё Свабода