Беларуская Служба

У 134 «патрыятычных клубах» сілавікоў займаецца 4 тыс. 500 дзяцей

02.01.2024 20:10
У такіх клубах дзяцей вучаць рукапашнаму бою, карыстацца зброяй і, як кажуць лукашысты, «адданасці краіне і гатоўнасці бараніць яе са зброяй у руках.
 ( )
Міліцыя (ілюстрацыйны здымак)Ireine /Shutterstock.com

«Пры органах унутраных спраў, а таксама ўнутраных войсках стварылі 134 патрыятычныя клюбы. 4 тыс. 500 хлопчыкаў і дзяўчынак з’яўляюцца іх удзельнікамі», – такія лічбы прывёў міністр унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў у навагоднім звароце да грамадзян, піша «Позірк».

Паводле Кубракова, Аляксандр Лукашэнка падтрымаў стварэнне ліцэяў Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ва ўсіх абласных цэнтрах, і ўжо 1 верасня 2024 году адчыніць свае дзверы магілёўскі ліцэй МУС.

На думку міністра, МУС «робіць усё для таго, каб нашы дзеці адчувалі сябе ў бяспецы». «Пад патранажам на сённяшні дзень знаходзіцца больш як 200 школ-інтэрнатаў і спецыяльных школ», – заявіў Кубракоў.

Вайскова-патрыятычныя клубы існавалі ў Беларусі і раней, але пасля пратэстаў 2020 года рэжым вырашыў узяцца за выхаванне маладых беларусаў яшчэ больш грунтоўна. У навучальных установах узмацнілі так званую «патрыятычную і выхаваўчую працу». У асяроддзі настаўнікаў школ і выкладчыкаў ВНУ працягваюцца чысткі па палітычных матывах.

У маі 2022 года Лукашэнка падпісаў закон аб развіцці гэтых клубаў і фінансаванні іх з бюджэту. У такіх клубах дзяцей вучаць рукапашнаму бою, карыстацца зброяй і, як кажуць лукашысты, «адданасці краіне і гатоўнасці бараніць яе са зброяй у руках, паведамляе Радыё «Свабода».

вс