Беларуская Служба

Беларусь – на другім месцы ў свеце па колькасці арыштаў каталіцкіх святароў і манахаў

15.01.2024 07:45
Згодна са справаздачай таварыства «Дапамога Касцёлу ў патрэбе» ў Беларусі летась арыштавалі 10 ксяндзоў.
Арыштаваны беларускі ксёндз Генрых Акалатовічcatholic.by

Беларусь апынулася на другім месцы ў свеце па колькасці арыштаў каталіцкіх святароў і манахаў. Згодна са справаздачай таварыства «Дапамога Касцёлу ў патрэбе», у Беларусі летась арыштавалі 10 ксяндзоў. Пасля гэтага Беларусь на другім месцы ў свеце. Дзеля параўнання, у Нікарагуа пад вартай знаходзіліся 46 каталіцкіх святароў, пры гэтым біскуп Раланда Альварэс асуджаны да 26 гадоў турмы, нагадвае «Свабода».

На канец 2023 года ў зняволенні заставаліся трое з арыштаваных беларускіх ксяндзоў. Сярод іх – айцец Генрых Акалатовіч, якога арыштавалі ў сярэдзіне лістапада і абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве». Ксёндз Акалатовіч – пробашч касцёла св. Язэпа ў Валожыне.

Таксама ў лістападзе стала вядома, што затрыманы ксёндз Вячаслаў Пялінак, які быў першым асабістым сакратаром апостальскага нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці. На момант затрымання Пялінак ужо служыў у парафіі ў Берасці.

Вядома пра некалькі дзясяткаў святароў і пастараў сярод каталікоў, праваслаўных і пратэстантаў, якіх затрымлівалі пасля пратэстаў 2020 году. Толькі за 2022 год іх было не менш за 24. На некалькі чалавек завялі крымінальныя справы.

У сваю чаргу ва Украіне двое грэка-каталіцкіх святароў – Іван Лявіцкі і Багдан Гелета – дагэтуль не выйшлі на волю. Яшчэ ў 2022 годзе іх арыштавалі расійскія акупанты.

Вялікую занепакоенасць ініцыятывы выклікае сітуацыя ў Індыі, дзе за мінулы год арыштаў і затрыманняў зазналі шэсць чалавек, затым усіх выпусцілі, але застаюцца асцярогі наконт іх новага затрымання.

Колькасць выкрадзеных святароў і манашак за мінулы год упала з 54 да 33. Больш за ўсё выпадкаў выкрадання ў Нігерыі – 28. Таксама выкраданні былі ў Малі, Буркіна-Фасо і Эфіопіі.

Летась у свеце забілі 14 хрысціянскіх прадстаўнікоў, у тым ліку 11 святароў, аднаго біскупа, аднаго манаха і аднаго семінарыста. Больш за ўсё – у Нігерыі, дзе жыццё страцілі 3 чалавекі. Пры крымінальных нападах адбыліся забойствы святароў у Танзаніі і Бельгіі. Пры невядомых або падазроных абставінах гінулі святары ў ЗША, Калумбіі, Мексіцы, Камеруне і Буркіна-Фасо. Але агульная колькасць такіх выпадкаў у 2022-м была большай – 18 забойстваў.

аз