«Заставацца дома» і «не ўдзельнічаць у падмане» заклікала суайчыннікаў дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская ў адзіны дзень галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і мясцовыя саветы дэпутатаў.
25 лютага дэмакратычныя сілы арганізуюць у «Ютубе» анлайн-марафон «Выбіраю новую Беларусь». Святлана Ціханоўская заклікала прымаць у ім удзел.
«У дзень «бязвыбараў« зрабі правільны выбар: застанься дома. Нам прапануюць зрабіць выгляд, што мы выбіраем. Але гэта падман. Будзе сітуацыя, калі наш удзел прывядзе да перамен. А сёння не ўдзельнічай у падмане – паглядзі ў «Ютубе« марафон».
У анлайн-марафоне прымуць удзел «больш за 20 спікераў» – «артыстаў і актывістаў, эканамістаў і палітыкаў, блогераў і журналістаў», якія «падзеляцца сваім бачаннем, як ад дыктатуры падману і страху перайсці да новай Беларусі».
Сярод удзельнікаў – Павел Латушка, Валерый Кавалеўскі, Аліна Коўшык, Аляксандр Дабравольскі, Анатоль Лябедзька, Павел Лібер, Вольга Зазулінская, Андрэй Стрыжак, Андрэй Павук, Аляксандр Кныровіч, Аляксандр Кабанаў, Сяргей Пятрухін, Яраслаў Раманчук, Андрэй Курэйчык і іншыя.
Беларусам, якія плануюць глядзець марафон з Беларусі, рэкамендуюць выконваць захады лічбавай бяспекі: выкарыстоўваць VPN і не пісаць у чаце трансляцыі з акаўнтаў «Ютуба», якія змяшчаюць рэальныя асабістыя дадзеныя.
У гэтым годзе ўпершыню ў Беларусі праходзяць аб’яднаныя выбары – адзіны дзень галасавання прызначаны на 25 лютага. Назіраць за выбарамі запрошаны прадстаўнікі СНД, Парламенцкай асамблеі АДКБ. Запрашэння не атрымала Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (БДІПЧ АБСЕ) запрашэння не атрымала.
У якасці кандыдатаў у дэпутаты зарэгістраваны толькі прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі.
Па выніках датэрміновага галасавання ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбаршчыкаў – 41,71%.
яс/Радыё Свабода