Беларуская Служба

Чарговая ахвяра беларускага рэжыму: у СІЗА памёр Аляксандр Кулініч, абвінавачаны ў абразе Лукашэнкі

11.04.2024 11:53
9 красавіка 2024 году ў брэсцкім СІЗА памёр Аляксандр Кулініч. Яго абвінавачвалі паводле арт. 368 (абраза прэзідэнта) Крымінальнага кодэксу.
 .
Аляксандр Кулініч.Фота з адкрытых крыніц.

Мужчыну затрымалі 29 лютага ў Брэсце, з таго часу ён знаходзіўся ў зняволенні. Суд над ім меўся адбыцца 16 красавіка.

У высновах аб смерці пазначана, што Аляксандр Кулініч памёр праз ішэмічную хваробу сэрца. У СІЗА № 7 Брэста журналістам сказалі, што зняволены з такім імем у іх знаходзіўся, але факт смерці пацвярджаць адмовіліся. 

Паводле інфармацыі «Люстэрка», Аляксандр Кулініч нарадзіўся ў Маладзечне 11 красавіка 1972 года (яму споўнілася б 52). Ён быў падпалкоўнік запасу, служыў у 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой Брэсцкай брыгадзе ПДВ.

У апошні час быў зарэгістраваны індывідуальным прадпрымальнікам, займаўся харчовымі дабаўкамі.

Гэта вядомая шостая смерць палітвязня за кратамі. 

За кратамі памерлі палітвязні Ігар Леднік, Вадзім Храсько, Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч, Вітольд Ашурак.

Акрамя гэтага, вядома мінімум пра адзін выпадак, калі палітвязень скончыў жыццё самагубствам. Пятага студзеня 2022 года 43-гадовы Дзмітрый Дудойць скокнуў з маста і разбіўся, калі вяртаўся з паліклінікі без суправаджэння. Мужчына быў асуджаны да двух гадоў «хіміі» за каментар пра начальніка Ганцавіцкага РАУС Віталія Куляшова.

Вядома мінімум пра тры смерці людзей на волі праз ціск ці наступствы нечалавечых умоваў у ізалятарах. 

Акрамя гэтага, у выніку ўжывання ўладамі сілы ў адказ на мірныя сходы ў перыяд пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года загінулі як мінімум тры чалавекі.

У Гомлі 12 жніўня памёр 25-гадовы Аляксандр Віхор, якога амапаўцы затрымалі 9 жніўня. У пасведчанні аб смерці, якое атрымалі родныя, напісана, што прычына смерці высвятляецца. 25-гадовы гамяльчук Аляксандар Віхор памёр у шпіталі, куды яго даставілі з аўтазаку ў нядзелю.

Ад агнястрэльнага ранення, атрыманага падчас акцыі, памёр мянчук Аляксандр Тарайкоўскі, праз некалькі дзён пры падобных абставінах загінуў берасцеец Генадзь Шутаў.

Яшчэ адзін загінулы — Раман Бандарэнка. Жыхар «Плошчы Перамен», які 11 лістапада 2020 года, пабачыўшы ў чаце, што нейкія людзі зрываюць бел-чырвона-белыя стужкі паблізу яго дома, выйшаў паразмаўляць з імі. Невядомыя ў цывільным і масках збілі хлопца, пасля чаго Раман у цяжкім стане трапіў у бальніцу. Аперацыя доўжылася некалькі гадзін, аднак стан хлопца пагаршаўся — увечары 12 лістапада ён памёр.

Паводле spring96.org/вх