У Беларусі прыдумаюць, як павысіць «узровень патрыятызму чыноўнікаў». Гэта вынікае з пастановы Савета міністраў № 271 ад 10 красавіка 2024 года, на якую звярнуў увагу pozirk.online.
Так, у 2025 годзе «правілы карпаратыўнай этыкі ў дзяржаўных органах», у тым ліку механізмы «павышэння ўзроўню грамадзянскасці і патрыятызму работнікаў», павінна распрацаваць Акадэмія кіравання. 13 красавіка з'явіўся нават спецыяльны дакумент, які зацвярджае комплекс мерапрыемстваў па рэалізацыі Канцэпцыі дзяржаўнай кадравай палітыкі да 2030 года.
Удзельнічаць у рашэнні задачы будзе і Адміністрацыі прэзідэнта. Там паспрабуюць удасканаліць кантрактную форму найму «ў мэтах матывацыі работнікаў да працяглых працоўных адносін». Белстат прааналізуе «колькасны і якасны склад кадраў дзяржаўнай грамадзянскай службы». Акрамя таго, будзе вывучаны «сусветны досвед прымянення інстытута ратацыі» на дзяржслужбе, пасля чаго выпрацаваны адпаведныя прапановы для Беларусі.
Не застануцца без працы і Мінінфармацыі з Белтэлерадыёкампаніяй. Яны і мясцовыя органы ўлады зоймуцца «папулярызацыяй прафесій, найбольш запатрабаваных на рынку працы». А Мінархітэктуры, Мінсяльгасхарч, аблвыканкамы і «Беларусбанк» прапрацуюць пытанні аб выдачы ільготных крэдытаў па-за чаргой. Напрыклад, маладым спецыялістам, накіраваным у сельскую мясцовасць — на куплю свайго жылля. Альбо сяльгасарганізацыям — на будаўніцтва ці набыццё памяшканняў, якія стануць арэндным жыллём для моладзі.
Міністэрствы фінансаў, эканомікі і сацабароны павінны будуць прыдумаць, што рабіць з заробкамі — каб усё было справядліва.
Паводле задумы ўладаў, рэалізацыя гэтай праграмы ўмацуе «ролю і прэстыж дзяржаўнай службы ў грамадстве» і забяспечыць «стабільнасць дзяржапарату».
вх