Беларуская Служба

ЕБРР палепшыў прагноз росту беларускай гаспадаркі да 2,8%

15.05.2024 19:44
У банку лічаць, што эканоміка Латвіі вырасце ў гэтым годзе на 1,8%, Літвы - на 1,5%, Польшчы - на 2,9%, Украіны - на 3%, Расіі - на 2,5%.
ІлюстрацыяФота: shutterstock.com/Fishman64

Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця ў сваёй справаздачы аб рэгіянальных эканамічных перспектывах палепшыў прагноз росту беларускай гаспадаркі. Паводле ЕБРР валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў 2024 годзе вырасце на 2,8%, у параўнанні з папярэднім рэлізам справаздачы ацэнка павялічана на 1,5%. У 2025 годзе ЕБРР прагназуе рост беларускай эканомікі ў 2,2%, - паведамляе партал reform.news.

«ВУП вырас на 3, 9% у 2023 годзе пасля скарачэння ў папярэднім годзе. У прамысловасці і будаўніцтве назіраўся моцны ўздым дзякуючы падтрымліваемай урадам палітыцы імпартазамяшчэння і пашырэнню экспарту ў Расію. Экспарт на іншыя рынкі заставаўся ў дэпрэсіўным стане з-за санкцый і звязаных з імі лагістычных збояў, якія ўплываюць на намаганні па пераарыентацыі экспарту на незаходнія рынкі», - гаворыцца ў справаздачы ЕБРР.

ЕБРР ацэньвае рост эканомік свайго рэгіёну ў 3% у 2024 годзе. Ацэнка пагоршана на 0, 2%  у параўнанні з вераснёўскай. У банку лічаць, што эканоміка Латвіі вырасце ў гэтым годзе на 1,8%, Літвы - на 1,5%, Польшчы - на 2,9%, Украіны - на 3%, Расіі - на 2,5%.

эж