Беларуская Служба

Стала вядома, колькі шэнгенскіх віз атрымалі беларусы за мінулы год

28.05.2024 15:36
Колькасць шэнгенскіх віз, выдадзеных беларусам, у 2023 годзе зноў пачала расці пасля рэзкага падзення апошніх гадоў.
Ілюстрацыйнае фотаCesarz/ Shutterstock

Практычна ўсе візы выдалі ўсяго пяць краін ЕС. Пра гэта сведчаць дадзеныя, апублікаваныя Еўракамісіяй.

За мінулы год беларусы падалі амаль 164 тысячы заявак на кароткатэрміновыя шэнгенскія візы – маюцца на ўвазе візы тыпу C, турыстычныя і іншыя: яны дазваляюць знаходзіцца на тэрыторыі краін Шэнгена да 90 дзён у паўгоддзі, але не жыць, вучыцца альбо працаваць, у адрозненне ад нацыянальных віз. Візы тыпу С могуць выдавацца для разавай паездкі або шматразовага ўезду.

Выдадзеных віз было не нашмат менш, чым заявак, – 158 тысяч. Адмовамі скончыліся 5,5 тыс. запытаў беларусаў. Працэнт адмоваў склаў усяго 3,4%, аднак, як паведамлялася раней, гэта амаль удвая вышэй, чым у папярэднія гады.

Большасць віз – шматразовыя: 138 тысяч, або 87,3%.

Самай актыўнай у выдачы віз была Германія, за ёю ідуць Італія, Польшча, Венгрыя і Францыя.

Хаця колькасць шэнгенскіх віз, выдадзеных беларусам, у 2023 годзе ўсё яшчэ заставалася невялікай, яна вырасла ў параўнанні з папярэднімі гадамі. Рэзкае падзенне пачалося ў 2020-м праз пандэмію каронавіруса і потым працягнулася ў 2022-м праз розныя візавыя абмежаванні, якія краіны Еўропы наклалі на Беларусь у сувязі з яе датычнасцю да вайны супраць Украіны.

Тым не менш цяперашняму ўзроўню выдачы віз пакуль вельмі далёка да таго, які быў у канцы 2010-х.

Шэнгенскія візы, атрыманыя беларусамі за апошнія дзесяць гадоў:

2023 – 158 тысяч;
2022 – 118,5 тысячы;
2021 – 57,5 тысячы;
2020 – 135 тысяч;
2019 – 643,5 тысячы;
2018 – 677 тысяч;
2017 – 710,5 тысячы;
2016 – 693,5 тысячы;
2015 – 754 тысячы;
2014 – 880 тысяч;
2013 – 768 тысяч.

zerkalo.io/вх