Пра гэта даведалася ініцыятыва «Хрысціянская візія».
Анджэй Юхневіч правёў у ізалятары часовага ўтрымання ўжо больш за месяц.
На гэты момант вернікам дасюль невядома, ці вызвалілі яго пасля адбыцця прызначаных яму арыштаў.
Раней стала вядома, што ксяндза абвінавацілі ў размяшчэнні ў Фэйсбуку сваіх фатаздымкаў з выявамі бел-чырвона-белага сцяга і сцяга Украіны. Гэта стала падставай для прыцягнення клірыка да адміністрацыйнай адказнасці паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП («парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення пікетавання»).
13 чэрвеня ў Віцебскім абласным судзе разглядалі абскарджанне ягоных арыштаў. Як даведалася «Хрысціянская візія», у раскладзе судоў апроч арт. 24.23 КаАП указаны і артыкул 19.11 КаАП («распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў).
Айцец Анджэй Юхневіч – старшыня каардынацыйнай групы пробашчаў і прадстаўнікоў манаскіх супольнасцяў Беларусі. Гэта касцельны орган, які займаецца супрацай паміж манаскімі ордэнамі.
Міліцыя затрымала айца Анджэя Юхневіча і айца Паўла Лемеха з ордэну місіянэраў-аблятаў Беззаганнай Марыі, якія служаць у дыяцэзіянальным санктуарыі ў Шуміліне, 8 траўня. Затрыманне адбылося за нібыта падрыўную дзейнасць супраць беларускай дзяржавы.
Суд над затрыманымі ў Віцебскай вобласці святарамі адбыўся 10 траўня дыстанцыйна. Затрыманых у суд не прывозілі, іх адміністрацыйную справу разглядалі праз Skype. Анджэя Юхневіча арыштавалі на 15 дзён, Паўла Лемеха – на 10. Айцец Павал Лемех пасля адбыцця пакарання выйшаў на волю.
Згодна з маніторынгам ініцыятывы «Хрысціянская візія», з 2020 году пераслед зазналі не менш як 26 прадстаўнікоў рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі.
svaboda.org/вх