Беларуская Служба

Украіна сцягвае да беларускай мяжы цяжкае ўзбраенне – Памежны камітэт

20.06.2024 14:58
Украінскі бок заяўляе пра «трывожныя сігналы» і намер праверыць умацаванні на мяжы з Беларуссю.
 .
Ілюстрацыйная выява.gpk.gov.by

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заявіў, што фіксуе ў раёне Жытомірскага памежнага атрада канцэнтрацыю розных падраздзяленняў і цяжкага ўзбраення, у тым ліку ракетных комплексаў HIMARS, гаўбіц M777 і машын Bradley. Таксама да сумежнай тэрыторыі сцягваюцца групоўкі спецпадраздзяленняў ГУР Украіны і сіл спецыяльных аперацый, адзначае ведамства.

Украінскі бок заяўляе пра «трывожныя сігналы» і намер праверыць умацаванні на мяжы з Беларуссю.

«У нашых планах праверыць фартыфікацыі, якія будаваліся на кардонах з дзяржавай Беларусь. Гэта Валынская, Ровенская, Жытомірская Кіеўская вобласці», – паведаміў Міхайла Цімбалюк, намеснік старшыні Часовай спецыяльнай камісіі, народны дэпутат ад «Батькивщины», у эфіры «Радыё Свабода».

Праверку будзе рабіць Часовая спецыяльная камісія (ТСК) Вярхоўнай Рады па пытаннях выкарыстання сродкаў дзяржаўнага бюджэту Украіны, накіраваных на будаўніцтва ўмацаванняў і інжынерных загарод на лініі судакранання.

«Мы плануем агледзець умацаванні, якія былі пабудаваныя на межах з дзяржавай Беларусь. Гэта Валынская, Ровенская, Жытомірская, Кіеўская вобласці. І далей пайшла Сумская.  То бок там таксама будзем правяраць», – кажа Цымбалюк.

У бліжэйшы час, па яго словах, члены ТСК паразмаўляюць з кіраўніком Харкаўскай абласной ваеннай адміністрацыі наконт фартыфікацыйных збудаванняў у Харкаўскай вобласці – гэта адзін з рэгіёнаў, дзе ёсць пярэчанні супраць будаўніцтва фартыфікацыйных збудаванняў, і ў сувязі з гэтым Вярхоўная Рада стварыла ТСК.

«У нас ёсць не толькі Харкаўская вобласць, у нас ёсць трывожныя сігналы з іншых рэгіёнаў. І наша задача – праверыць гэтую інфармацыю і ўстанавіць праўду. Там, дзе гэта пацвярджаецца, тады рэагуем жорстка, а дзе гэта недакладная інфармацыя – абвяргаем, таму што гэта вельмі адчувальная тэма, і мы добра разумеем, што большасць гэтых матэрыялаў мае абмежаваную ступень дзяржаўнай таямніцы. Каб гэтая інфармацыя, агучаная членамі ТСК, не была выкарыстаная праціўнікам», – сказаў Цымбалюк.

Ён адзначыў, што першая лінія ўмацаванняў пабудавана вайскоўцамі, другая і трэцяя – грамадзянскімі падраднымі арганізацыямі.

вх