Як паведамляе выданне «Позірк», кандыдатура Ніла Муйжніекса была першай сярод трох рэкамендаваных старшыні Рады правоў чалавека ААН (РПЧ) Амару Знібэру адпаведнай кансультацыйнай групай. Астатнія двое рэкамендаваных — былая суддзя Еўрапейскага суду ў правах чалавека, суддзя Вярхоўнага суду Эстоніі Юлія Ляфранк і расійскі адвакат і юрыст-міжнароднік Сяргей Галубок.
Акрамя гэтага, заяўкі падавалі аўстрыйскі юрыст Вольфганг Бэнэдэк, польскі праваабаронца Рышард Каменда і праваабаронца з Маўрытаніі Дэцье Саль.
Фінальнае галасаванне ў прызначэнні судакладчыка адбудзецца 11 кастрычніка, у апошні дзень 57-й сесіі Рады правоў чалавека ААН.
Ніл Райманд Муйжніекс (Nils Raimonds Muižnieks) нарадзіўся 31 студзеня 1964 года ў Лос-Анджэлесе (ЗША) у сям’і латышскіх эмігрантаў.
У 2012–2018 гадах Муйжніекс быў камісарам Рады Еўропы ў правах чалавека. У 2020–2024 гадах займаў пасаду дырэктара Еўрапейскага рэгіянальнага офісу міжнароднай праваабарончай арганізацыі Amnesty International.
Пры падачы заяўкі на пасаду дакладчыка ААН аб правах чалавека ў Беларусі Муйжніекс указваў, што ў яго есць «высокая матывацыя ўзяць на сябе гэты мандат», бо ён «цвёрда перакананы ў неабходнасці ўнесці свой уклад у паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі».
Мандат судакладчыка аб правах чалавека ў Беларусі заснаваны ў 2012 годзе і з таго часу штогод працягваецца (апошні раз — у красавіку сёлета).
З лістапада 2018 года пасаду займае францужанка Анаіс Марэн, яна пакіне яе 1 лістапада 2024 года. Ейны апошні на пасадзе даклад «Сітуацыя ў галіне правоў чалавека ў Беларусі» будзе разгледжаны на 79-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН у Нью-Ёрку ў кастрычніку.
Спецдакладчык працуе на грамадскіх пачатках. Беларускія ўлады не прызнаюць ягонага мандату і не супрацоўнічаюць з ім.
svaboda.org/вх