Міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін паведаміў аб гатоўнасці пашырыць пералік спецыяльнасцяў, у якіх адукацыю будуць атрымліваць кітайскія вайскоўцы.
«Падпісаны ў чэрвені чарговы кантракт на навучанне кітайскіх вайскоўцаў у Вайсковай акадэміі Беларусі стаў праявай даверу і высокай ацэнкай сістэмы вайсковай адукацыі Беларусі. Мы са свайго боку гатовы расшыраць пералік спецыяльнасцяў пад канкрэтныя запыты нашых кітайскіх сяброў», – працытавала Віктара Хрэніна прэсавая служба Мінабароны Беларусі.
Віктар Хрэнін знаходзіцца ў Кітаі з працоўным візітам і ўжо правёў сустрэчу са сваім калегам, міністрам абароны КНР Дун Цзюнам.
Апроч таго, міністр абароны Беларусі паведаміў аб пачатку супольнага ўзаемадзеяння краіны ў галіне міратворчай дзейнасці. «У часе нядаўняга візіту беларускай дэлегацыі ў КНР вызначаны практычныя мерапрыемствы ў мэтах развіцця супрацоўніцтва ў інтарэсах супольнага выканання задач у адной з міратворчых місій ААН», – дадаў Віктар Хрэнін.
У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі, што ў часе сустрэчы міністры абмеркавалі «стан і перспектывы двухбаковай вайсковага супрацоўніцтва, а таксама актуальныя пытанні рэгіянальнага і міжнароднага парадку дня».
У часе сёмай сустрэчы высокага ўзроўню ў межах дыялогу «ЗША – Еўрасаюз» 9-10 верасня бакі выказалі ўзаемную заклапочанасць кітайскай падтрымкай вайны Расіі супраць Украіны і прызналі, што сталая падтрымка Кітаем расійскай вайскова-прамысловай базы «дазваляе Расіі весці незаконную вайну супраць Украіны».
Апроч таго бакі падкрэслілі, што любая мірная ініцыятыва, датычная Украіны, павінна грунтавацца на Статуце ААН і яго прынцыпах, уключна з павагай да суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці.
Паводле Радыё Свабода
нг