Беларуская Служба

Лукашэнка запрасіў у Беларусь жыхароў краіны, якую лічыць «недружалюбнай»

12.10.2024 17:07
Лукашэнка зазначыў, што Беларусь і Іспанія «неаднаразова былі арэнамі барацьбы іншых дзяржаў, месцамі сутыкнення «цэнтраў сілы« і нават цывілізацый».
 .
Сцяг Іспаніі.Фота: Pixabay.com/Clker-Free-Vector-Images

Аляксандр Лукашэнка запэўніў «народ Іспаніі» ў «нязменна дружалюбных адносінах» і запрасіў у Беларусь. Пра гэта гаворыцца ў віншаванні з нагоды Дня іспанскай нацыі, якое было 12 кастрычніка апублікавана на сайце беларускага палітыка.

Лукашэнка зазначыў, што Беларусь і Іспанія «неаднаразова былі арэнамі барацьбы іншых дзяржаў, месцамі сутыкнення «цэнтраў сілы« і нават цывілізацый».

«І кожны раз абодвум народам даводзілася цяжка і ўпарта змагацца за свабоду і незалежнасць. У гэтых выпрабаваннях і іспанцы, і беларусы праявілі лепшыя рысы, такія як нацыянальная годнасць, патрыятызм, імкненне да мірнага і стабільнага ладу жыцця, стойкасць і мужнасць у адстойванні сваіх рэлігіі, культуры і традыцый», – гаворыцца ў тэлеграме.

Ён таксама выказаў упэўненасць, што, «нягледзячы на сучасную трансфармацыю светапарадку, грамадзяне Беларусі і Іспаніі застануцца прыхільнікамі самастойнага і незалежнага шляху развіцця, носьбітамі традыцыйных каштоўнасцей, сярод якіх найбольш важнымі з'яўляюцца мір, сямʼя і стваральная праца на карысць айчыны».

Zerkalo.io нагадвае, што віншаванні «народу», а не лідару краіны Лукашэнка адпраўляе ў краіны, якія афіцыйны Мінск лічыць «недружалюбнымі». Так, напрыклад, разам з віншаваннем іспанцаў на сайце беларускага палітыка 12 кастрычніка была апублікаваная віншавальная тэлеграма з нагоды Дня незалежнасці Экватарыяльнай Гвінеі. Гэтае пасланне было адрасавана кіраўніку краіны.

нг