Беларуская Служба

Генпракуратура хоча вярнуць у Беларусь Крыж Еўфрасінні Полацкай, слуцкія паясы і сані Напалеона

15.10.2024 12:48
Мінкульт стварыў спіс прадметаў культуры, якія зніклі падчас вайны.
Адноўлены Крыж Ефрасінні Полацкайwikipedia.org/Serge Serebro, Vitebsk Popular News./CC BY-SA 3.0

Пералік культурных каштоўнасцей, перамешчаных з тэрыторыі БССР у 1941-1945 г. і якія падлягаюць вяртанню, быў створаны па ініцыятыве Генпракуратуры.

У спіс уключылі 694 прадметы культуры. Сярод іх — іконы, карціны, кнігі, скульптуры, а таксама іншыя прадметы дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва.

У пералік уключаны, напрыклад, згублены арыгінальны Крыж Еўфрасінні Полацкай, выраблены ў 1161 годзе майстрам Лазарам Богшам.

Таксама Генпракуратура прапануе вярнуць у краіну слуцкія паясы, якія прызнаныя нацыянальнай рэліквіяй і гістарычным культурным сімвалам, — у Беларусі захаваліся адзінкавыя асобнікі і фрагменты такіх паясоў. Ёсць у пераліку і такія рэліквіі, як ключы Магілёва, сані Напалеона Банапарта і булава караля Жыгімонта III.

Спіс не канчатковы — Мінкульт працягне працу па ацэнцы і рэпатрыяцыі згубленых культурных рэліквій.

У Генпракуратуры лічаць, што прадметы знаходзяцца ў шэрагу замежных дзяржаў — у іх ліку называюцца ЗША, Ізраіль, Украіна, Польшча і іншыя. Прадметы культурнай спадчыны Беларусі могуць знаходзіцца як у музеях, так і прыватных калекцыях.

У 2024 годзе ў музеях, бібліятэках і архівах Беларусі арганізавана рэвізія, мэта якой выявіць страчаныя культурныя каштоўнасці перыяду Другой сусветнай.

У верасні 2024 года старшыня экспертнай групы прадставіў справаздачу аб выяўленні новых сямі тысяч экспанатаў з ліку культурных каштоўнасцяў перыяду вайны.

Паведамляецца, што Міністэрства замежных спраў арганізавала адпаведную працу па лініі міжнароднага супрацоўніцтва.

nashaniva.com/эж

Больш на гэтую тэму: Беларусь