Беларуская Служба

Улады ліквідуюць Беларускую асацыяцыю садзейнічання ААН

05.11.2024 11:30
Арганізацыя працавала ў Беларусі 35 гадоў. Яе зарэгістравалі ў кастрычніку 1989 года і перарэгістравалі ў чэрвені 1991-га.
  ,
Зала пасяджэнняў ААН, ЖэневаAutorstwa This file is not in the public domain. Therefore you are requested to use the following next to the image if you reuse this file: © Yann Forget / Wikimedia Commons, CC BY-SA 3.0, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=138661

На 12 лістапада ў Мінскім гарадскім судзе адбудзецца пасяджэнне паводле пазову Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі грамадскага аб’яднання «Беларуская асацыяцыя садзейнічання Арганізацыі Аб’яднаных Нацый», вынікае з раскладу пасяджэнняў, паведамляе «Свабода» са спасылкай на «Позірк».

Арганізацыю зарэгістравалі ў кастрычніку 1989 года і перарэгістравалі ў чэрвені 1991-га. На партале грамадскіх аб’яднанняў яе кіраўніком значыцца Віктар Іваноў, адрасам знаходжання пазначаны Мінск, вул. Бабруйская, 5А. Там знаходзіцца рэктарат Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.



Публічных звестак аб актыўнасці аб’яднання апошнім часам не маецца, у адрозненне ад, напрыклад, створанай таксама 35 гадоў таму аднайменнай расійскай асацыяцыі, якая сёлета ў верасні праводзіла мерапрыемства «Расія і Беларусь: Міжнародны і шматсектарны абмен практыкамі для ўстойлівай і лічбавай будучыні», заўважыў «Позірк».

З 2002 году існуе вучэбна-адукацыйны цэнтр ГА «Беларуская асацыяцыя садзейнічання ААН», зарэгістраваны ў Мінску па вул. Інтэрнацыянальнай, 24А. Там жа месціцца інтэрнат Беларускага дзяржаўнага цырку. Пакуль цэнтр мае статус дзейнага. У 2003 годзе ён размяшчаў рэкламу камп’ютарных курсаў у недзяржаўнай газеце «Народная воля».

У 1991–1995 гадах пры асацыяцыі функцыянаваў прадпрымальніцкі цэнтр «Сусветная садружнасць».

За перыяд пасля сфальшаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і да канца кастрычніка 2024га ў Беларусі рэжым Лукашэнкі ліквідаваў не менш за 1 838 некамерцыйных арганізацый.

аз

ААН: Захоўваюцца асцярогі з нагоды жорсткага абыходжання са зняволенымі і магчымых гвалтоўных знікненняў у Беларусі

02.11.2024 07:30
Нягледзячы на нядаўнюю амністыю і прэзідэнцкія памілаванні надалей многія людзі несправядліва знаходзяцца ў зняволенні.