Беларуская Служба

Зніклыя ў Турцыі беларускія альпіністкі знойдзены жывымі

21.11.2024 17:03
Раней паведамлялася, што падчас пошукавых работ, якія праходзілі 20 лістапада, знайсці іх не ўдалося.
ЭрджыесAutorstwa Marek K. Misztal - picture was taken & uploaded by myself, CC BY 2.5, https://commons.wikimedia.org/w/index.php?curid=1247212

Беларускіх сясцёр-альпіністак Валянціну і Марыю Іванковых, якія зніклі ў Турцыі, знайшлі жывымі і «ў добрым здароўі», паведамляе «Позірк», са спасылкай на агенцтва Nigde Anadolu.



Беларускі былі знойдзены ў межах правінцыі Кайсеры (цэнтр Турцыі). Пра гэта паведаміў на старонцы ў сацсетцы Х губернатар адміністрацыйнай адзінкі Гекмен Чычак.


Прапалі яны ў суседняй правінцыі Нідзе.

Раней паведамлялася, што падчас пошукавых работ, якія праходзілі 20 лістапада, знайсці іх не ўдалося.

Адзначалася, што «каманды ратавальнікаў, якія адчувалі цяжкасці ў пошуку з-за таўшчыні снегу, якая месцамі дасягала 60 сантыметраў, былі зняты з месца на верталёце і дастаўлены ў навучальны цэнтр лагера Дэмірказік».

Пошукі планавалася прадоўжыць 21 лістапада.

Пра знікненне ў Турцыі сясцёр-двайнят з Беларусі стала вядома днём 19 лістапада. Інфармацыю аб здарэнні пацвердзіла МЗС Беларусі. Паводле інфармацыі беларускага консульства ў Турцыі, дзяўчаты прыбылі ў правінцыю Нідзе з Анкары 15 лістапада, каб заняцца альпінізмам, але з 18 лістапада, калі яны мусілі вярнуцца ў турэцкую сталіцу, ад іх не паступіла ніякіх вестак.

У першы дзень пошукавых работ (19 лістапада) у іх бралі ўдзел чатыры чалавекі з пошукава-выратавальнай групы жандармерыі і 10 чалавек з упраўлення па надзвычайных сітуацыях і ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў МУС Турцыі.

аз