Беларуская Служба

Каля беларуска-літоўскай мяжы з'явіліся акопы

17.01.2025 12:04
Да мяжы з Літвой адтуль каля шасці кіламетраў, побач — памежны пераход «Прывалка — Райгардас».
https:www.zerkalo.io
https://www.zerkalo.io/Фота: svaboda.org

Каля беларуска-літоўскай мяжы з'явіліся акопы. Іх выкапалі і абсталявалі на ўскрайку Гожскага вайсковага палігона. Там жа ёсць і траншэі для тэхнікі. Як паведамляе Радыё Свабода, гэтыя фартыфікацыі могуць быць часткай так званага «вузла супраціву», пабудову якога анансавалі больш за год таму. Да мяжы з Літвой адтуль каля шасці кіламетраў, побач — памежны пераход «Прывалка — Райгардас».

Фартыфікацыі каля мяжы з Літвой добра бачныя на спадарожнікавым здымку, зробленым кампаніяй Planet Labs 14 снежня 2024-га. На ўсходнім баку дарогі, што вядзе на памежны пункт, напрыканцы лістапада вайскоўцы выкапалі вялізную траншэю. Яе даўжыня складае 340 метраў, шырыня — ад 5 да 7 метраў. Па гэтай траншэі можа свабодна праехаць танк.

На захад ад дарогі на памежны пункт выкапаныя акопы для пяхоты (эксперты слушна заўважаюць, што іх могуць выкарыстоўваць для трэніровак). Іх даўжыня складае амаль 200 метраў. Там жа ў некаторых месцах бачныя адзінкавыя ўмацаванні.

Выданне адзначае, што гэтая тэрыторыя мае прыродаахоўны статус і належыць рэспубліканскаму ландшафтнаму заказніку «Горадзенская пушча». Земляныя працы там пачаліся пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.

euroradio.fm/эж