Ва ўкраінскі Мелітопаль, які знаходзіцца пад акупацыяй расійскіх войскаў, прыехалі прадстаўнікі ўладаў Беларусі. Пра гэта паведаміў кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Запарожскай вобласці Яўген Баліцкі.
Паводле Яўгена Баліцкага, у будынку ўрада Запарожскай вобласці, што ў акупаваным Мелітопалі, адбылася сустрэча з дэлегацыяй з Беларусі. У яе склад увайшлі дэпутат Палаты прадстаўнікоў, генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Вадзім Гігін, лідар руху «Саюз» Сяргей Лушч і вядоўца Рыгор Азаронак.
Прадстаўнікі акупацыйнай адміністрацыі Запарожскай вобласці павіншавалі з перамогай на «выбарах» Аляксандра Лукашэнкі.
Бакі абмеркавалі перспектывы ўзаемадзеяння прадпрыемстваў Беларусі і Запарожжа вобласці ў прамысловай сферы, пастаўкі беларускай сельгастэхнікі, аказанне садзейнічання ў падрыхтоўцы да пасяўной, рэалізацыю тавараў з акупаваных рэгіёнаў на беларускім рынку, пастаўкі ў адказ беларускіх тавараў, правядзенне культурных і моладзевых абменаў, супольныя прапагандысцкія падзеі.
Рэсурсы беларускай Палаты прадстаўнікоў і дзяржаўнае агенцтва БелТА пра візіт беларускай дэлегацыі не паведамляюць.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 5 лютага сустрэўся ў Кіеве з міністрам замежных справаў Злучанага Каралеўства Дэйвідам Лэмі. На прэс-канферэнцыі пасля сустрэчы Зяленскі згадаў Беларусь: ён упэўнены, што Уладзімір Пуцін зацягне яе ў вайну супраць Украіны напоўніцу.
Між тым, сам Пуцін унёс у Дзярждуму на ратыфікацыю дамову з Беларуссю пра гарантыі бяспекі. Гэтае пагадненне прадугледжвае стварэнне ў нашай краіне расійскіх вайсковых базаў, а таксама дазваляе войску Беларусі ўдзельнічаць у вайне супраць Украіны.
Белсат/ав