Беларуская Служба

ВНУ Беларусі закрыюць каля 50 спецыяльнасцяў

17.02.2025 11:35
З пачатку наступнага навучальнага года сістэму вышэйшай адукацыі Беларусі чакаюць змены.
Школа Alexas_Fotos/pixabay.com/CC0 Public Domain

Міністр адукацыі краіны Андрэй Іванец на тэлеканале СТВ заявіў, што дзеля выканання ўказу Лукашэнкі на базах вытворчасці будуць ствараць навучальныя класы. Плануецца адкрыццё каля 50 такіх класаў.

Пры гэтым ВНУ краіны закрыюць каля 50 спецыяльнасцяў. Гэта, на думку Міністэрства адукацыі, дазволіць універсітэтам адмовіцца ад «няпрофільнай адукацыі». Іванец лічыць, што кожная ВНУ мусіць ацэньваць свой прафесарска-выкладчыцкі склад і разумець, на чым канкрэтна спецыялізуецца.

На базе ўніверсітэтаў будуць стварацца так званыя «цэнтры кампетэнцый», два такія цэнтры ўжо стварылі летась, нагадвае «Свабода».



Пры гэтым у ВНУ адкрыюць і новыя спецыяльнасці. Іванец анансаваў, што ў 2025-м на базе БДУ з’явіцца «інтэлектуальная электроніка», дзе будуць рыхтаваць спецыялістаў для галіны мікра- і нанаэлектронікі.

У Магілёўскім універсітэце хімічных і харчовых тэхналогій адкрыецца спецыяльнасць, звязаная з харчовай бяспекай. У Магілёўскім дзяржаўным універсітэце ўвядуць спецыяльнасьць «фізічная культура, вайскова-патрыятычнае выхаванне».

У лютым 2024 году Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў «узварушыць ВНУ», каб студэнты атрымлівалі якасную адукацыю і «не беглі» за мяжу, а самі ўстановы рыхтавалі выпускнікоў па спецыяльнасьцях, на якія ёсць попыт.

Іванец запэўнівае, што новыя спецыяльнасці будуць адпавядаць запытам грамадства і эканомікі дзяржавы.



Выказаўся міністр і пра прыватныя школы. У адным Мінску і Мінскай вобласці іх было каля 50, а засталося сем, пры гэтым Іванец гаворыць, што не ўсе гэтыя ўстановы нават пазіцыянавалі сябе як адукацыйныя.

аз