Беларуская Служба

«Камісія па вяртанні» разгледзела 241 зварот

26.02.2025 16:02
«Сталі звяртацца нават бацькі маладых людзей, якія баяцца вяртацца ў нашую краіну. Мы заўважаем пэўную актыўнасць», - заявіў Швед.
Беларускі пашпартфота: radyjo.net

Камісія па разглядзе зваротаў грамадзян Беларусі па пытаннях здзяйснення імі правапарушэнняў («камісія па вяртанні») разгледзела 241 зварот, паведаміў журналістам яе кіраўнік, генеральны пракурор Андрэй Швед 26 лютага пасля выступлення на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу.

Па словах чыноўніка, якія прыводзіць прэс-служба Генпракуратуры, больш за 30 грамадзян атрымалі станоўчы адказ, 20 чалавек вярнуліся ў Беларусь.

«Сталі звяртацца нават бацькі маладых людзей, якія баяцца вяртацца ў нашую краіну. Мы заўважаем пэўную актыўнасць», - заявіў Швед.

Усім, хто вярнуўся на радзіму праз камісію, паводле слоў генпракурора, «прапануецца расказаць праўду аб тым, як ім там жылося за мяжой, якое стаўленне рэальнае да беларусаў».

4 лютага Швед паведаміў, што прыкладна 40 асобам патлумачылі, што яны «могуць спакойна вяртацца», да іх у сілавікоў няма ніякіх прэтэнзій.

На сустрэчы з генпракурорам Лукашэнка, якая адбылася ў той жа дзень, заявіў аб мэтазгоднасці захавання «камісіі па вяртанні», кіраўнік гэтай структуры запэўніў, што яна працягне працаваць.

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна», за паўтара месяца з пачатку 2025 года пасля вяртання ў Беларусь затрымалі некалькі дзясяткаў чалавек.

Камісія была створана пасля нарады ў Лукашэнкі 24 студзеня 2023 года. Адпаведны ўказ ён падпісаў 6 лютага таго ж года. 17 кастрычніка 2024-га стала вядома, што паўнамоцтвы камісіі пашыраны - зараз яна можа разглядаць заявы асоб, якія пражываюць у Беларусі.

Позірк/ав