Беларуская Служба

Еўрапейскія дыпламаты патрабуюць медыцынскай дапамогі і вызвалення для палітзняволеных жанчын

07.03.2025 17:46
Кіраўнік Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Стэн Нёрлаў, пасол па асобых даручэннях МЗС Літвы Аста Андрыяускене і пасольства Вялікабрытаніі ў Мінску напярэдадні 8 сакавіка заклікалі да тэрміновага аказання медыцынскай дапамогі і вызвалення палітзняволеных беларусак.
         .
Еўрапейскія дыпламаты патрабуюць медыцынскай дапамогі і вызвалення для палітзняволеных жанчын.Фота: x.com/ukinbelarus

«У гэты Міжнародны жаночы дзень #IWD2025 мы ўзгадваем 150 жанчын-палітвязняў у Беларусі. Вікторыя Кульша і Алена Гнаук — адны з тых, хто знаходзіцца ў зняволенні, маючы сур'ёзныя праблемы са здароўем, і не атрымлівае неабходнай медыцынскай дапамогі. Гэта бесчалавечна. Мы патрабуем неадкладнага аказання медыцынскай дапамогі і вызвалення ўсіх палітвязняў. #FreeThemAll», — цытуе паведамленне дыпламатаў reformby.org.

На пачатку лютага былая палітвязня Паліна Шарэнда-Панасюк распавяла, што палітзняволеных Алену Гнаук і Вікторыю Кульшу змясцілі ў ПКТ.

«Пасля некалькіх тыдняў у ШІЗА яны былі пераведзены ў ПКТ. Гэта 99%, што супраць іх зноў будуць фабрыкаваць 411-ы артыкул (Артыкул 411 КК РБ «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы», — рэд.). У Вікторыі Кульшы ўжо, напэўна, адмовілі ныркі. Яна трымала галадоўкі проста месяцамі, яна адмаўлялася ад вады і пітва. Яна выкрывала сабе вены. Яе кідалі з гэтым у ШІЗА —  яна ў ШІЗА ўскрывала сабе вены. Яна ў ПКТ трымала галадоўкі. Яна адмаўлялася ад дапамогі лекараў», — распавяла экс-палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк.

вх