З прыходам цяпла на заходніх межах Беларусі павялічылася колькасць мігрантаў – лічбы дасягнулі максімуму ў 2025 годзе. Гэтую тэндэнцыю заўважыў Тэлеграм-канал «Што думаюць беларусы», які адсочвае сітуацыю з міграцыйным крызісам, што разгарнуўся на заходніх межах Беларусі з 2021 года.
Так, адзначаецца, што толькі за тры дні, з 7 да 9 сакавіка, на польска-беларускай мяжы было адзначана больш за 210 спробаў нелегальнага пераходу.
«Пацяплела, вясна надыходзіць – і пра цішыню на межах, звязаную з электаральнай кампаніяй, можна забыцца… Агулам за мінулы тыдзень на ўсіх межах краінаў ЕС з Беларуссю такіх спробаў было больш за 320. Гэта рэкордныя паказчыкі для бягучага года», – адзначаецца ў Тэлеграм-канале.
Перад «выбарамі», якія адбыліся ў Беларусі 26 студзеня, назіралася зніжэнне колькасці пераходаў мяжы. Паводле інфармацыі BYPOL, большую частку мігрантаў вывезлі з заходніх рэгіёнаў Беларусі яшчэ ўвосень 2024 года «з мэтай недапушчэння дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне падчас правядзення прэзідэнцкіх выбараў у студзені 2025 года». Адметна, што 13 студзеня 2025 года, а перад гэтым 9 студзеня, польская Памежная служба сапраўды не фіксавала ніводнай спробы незаконнага пераходу беларуска-польскай мяжы, зазначае «Белсат».
У студзені 2025 года выданне Politico апублікавала запісы размоваў, здабытыя ад BELPOL, што датычылі штучнага стварэння міграцыйнага крызісу на межах Беларусі з дзяржавамі Еўразвязу. Цалкам верагодна, што ўлады могуць вярнуцца да практыкі ціску на мяжы.
вс