Беларуская Служба

У Беларусі прыхоўваюць поўную біяграфію новага прэм'ера 

12.03.2025 12:28
Падрабязная біяграфія правісела літаральна некалькі гадзін, і пасля публікацыі была выдалена. 
Аляксандр Турчынкрыніца: berezino.by

Менш за суткі правісела афіцыйная біяграфія нядаўна прызначанага прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандра Турчына на сайце ўрада. Пасля публікацыі артыкула «Дзе «боўтаўся» новы прэм'ер Беларусі з 1992-га па 1997-ы год?» біяграфію спачатку выдалілі, а затым вярнулі ўсечаны варыянт.

11 сакавіка рэдакцыя Reform.news апублікавала тэкст аб жыццёвым шляху новага прэм'ера. Аказалася, у 1990-я чыноўнік паспеў павучыцца тры курсы ў Магілёўскім машынабудаўнічым інстытуце, два гады пабыць беспрацоўным, а таксама папрацаваць вартаўніком. Гэтыя факты ўсплылі пасля публікацыі афіцыйнай біяграфіі на сайце ўрада.

Падрабязная біяграфія правісела літаральна некалькі гадзін, і пасля публікацыі была выдалена. Ужо 12 скавіка прэс-служба ўрада прапанавала новы варыянт - інфармацыя аб вучобе ў магілёўскай ВНУ, беспрацоўным перыядзе і працы вартаўніком адсутнічае. Цяпер жыццёвы шлях Аляксандра Турчына пачынаецца ў 1997 годзе ў якасці дырэктара магазіна калгаса «Авангард». Што рабіў новы прэм'ер да 22 гадоў - таямніца.

эж