У парламенце Вялікабрытаніі 20 сакавіка створаная міжпартыйная група «За дэмакратычную Беларусь», паведаміў агенцтву «Позірк» дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, на што звярнула ўвагу «Свабода».
Паводле яго слоў, група стане «дадатковай пляцоўкай для ўзмацнення падтрымкі беларускага руху з боку Вялікабрытаніі».
Групу ўзначаліла сябра Кансерватыўнай партыі, «ценявы» міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Уэндзі Мортан.
4 сакавіка дарадца Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька паведаміў, што ў міжпарламенцкі альянс «За дэмакратычную Беларусь» уваходзяць 23–24 парламенцкія групы, гэтая колькасць замяняецца ў залежнасці ад выбараў у заканадаўчыя органы ўлады, якія праходзяць у краінах гэтага альянсу.
Аб стварэнні альянсу «За дэмакратычную Беларусь» аднайменнымі групамі ў парламентах шэрагу дэмакратычных краін было абвешчана ў сакавіку 2023 году. Першая сустрэча прадстаўнікоў альянсу адбылася ў лістападзе таго ж году ў Берліне.
6-7 сакавіка сёлета ў Рыме прайшла другая канферэнцыя Альянсу парламенцкіх груп «За дэмакратычную Беларусь» пад назвай «Правы і аўтарытарызм — кейс Беларусі». Падчас яе абмяркоўвалі, як захаваць Беларусь у міжнародным парадку дня і як супрацьстаяць ролі Лукашэнкі ў вайне Расіі супраць Украіны.
У форуме альянсу парламенцкіх груп «За дэмакратычную Беларусь» прынялі ўдзел прадстаўнікі 17 парламентаў розных краін, прадстаўнікі беларускіх дэмакратычных сілаў, беларускія эксперты і праваабаронцы, а таксама прадстаўнікі «народных амбасадаў». Па выніках дэпутаты 17 еўрапейскіх краін падпісалі Рымскую дэкларацыю ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.
яс