Святлана Ціханоўская, выступаючы ў Сейме Літвы, заявіла, што праект «пашпарт Новай Беларусі» будзе перанесены ў тыя краіны, дзе не вырашана праблема з дакументамі для беларусаў. У Літве ж яны могуць атрымаць пашпарт замежніка, паведамляе REFORM.news.
«Працягвайце выдаваць міжнародную абарону і дазволы на жыхарства сумленным беларусам.
На жаль, многія беларусы не могуць вярнуцца дадому і застаюцца без дакументаў. Бацькі не могуць аформіць нованароджаных дзяцей.
У Літве ёсць выдатнае рашэнне — пашпарты замежніка, і мы просім спрасціць і пашырыць практыку яго выдачы.
А наш “чырвоны пашпарт”, які мы планавалі выдаваць, мы перанясем у тыя краіны, дзе праблема з дакументамі ніяк не вырашана», — заявіла лідарка дэмакратычнай апазіцыі.
Нагадаем, праект так званага «пашпарта Новай Беларусі» быў анансаваны некалькі гадоў таму. Афіцыйна яго прадставілі сёлета ў студзені. У Літве быў створаны Беларускі пашпартны цэнтр, які мусіў заняцца выдачай такога дакумента. Вялася праца над прызнаннем пашпарта. Аднак літоўскія дзяржорганы прыйшлі да рашэння, што не будуць прызнаваць яго.
Пасля прэзентацыі таксама ўзнікла спрэчка з-за герба «Пагоня». Шэраг літоўскіх палітыкаў абурыўся выкарыстаннем «Пагоні». Яны заявілі, што на пашпарце намаляваны дзяржаўны герб Літвы, і папрасілі МЗС Літвы разабрацца ў сітуацыі. Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа і МЗС Літвы заявілі, што не бачаць праблемы ў выкарыстанні «Пагоні».
Пазней з'явіўся ліст, у якім прапаноўвалася і зусім забараніць выкарыстоўваць беларусам «Пагоню» ў любой іншай форме і афіцыйным кантэксце.
вх