Паводле інфармацыі «Вясны», за данаты ў Беларусі асудзілі мінімум 112 чалавек. Гэта асуджаныя паводле арт. 361-2 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання), арт. 290-1 Крымінальнага кодэкса (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці), арт. 361-3 Крымінальнага кодэкса (удзел ці падрыхтоўка грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы).
«Толькі за апошні год намі ва ўзаемадзеянні са Следчым камітэтам выяўлена каля 70 злачынстваў, звязаных з фінансаваннем рознага роду дэструктыўнай дзейнасці», — заявіў начальнік упраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Уладзіслаў Ларыёнаў.
Другога красавіка на АНТ выйшаў чарговы прапагандысцкі сюжэт «Тени. Цена террора», дзе распавялі пра пераслед людзей за ахвяраванні і затрыманых за фінансаванне арганізацый, прызнаных уладамі «экстрэмісцкімі» ці «тэрарыстычнымі». У фільме паказалі некалькі асуджаных і тых, хто яшчэ чакае суда.
Крымінальная справа супраць сузаснавальніка кампаніі Wargaming
У прапагандысцкім фільме тэлеканала заявілі, што сузаснавальнік кампаніі Wargaming Мікалай Кацалапаў некалькі гадоў ахвяраваў «экстрэмісцкім і тэрарыстычным фондам сотні тысяч долараў» у выглядзе крыптапераводаў. У студзені 2023-га КДБ уключыў яго ў «спіс тэрарыстаў». Яго вінавацяць у фінансаванні тэрарызму паводле артыкула 290-1КК.
IT-менеджару пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі. У сюжэце АНТ праанансавалі, што ў парадку спецвытворчасці супраць яго распачнуць крымінальную справу і будуць судзіць завочна.
Сам айцішнік даўно пакінуў Беларусь і яшчэ ў сярэдзіне 2010-х перабраўся на Кіпр. Кампанія Wargaming выказвалася супраць вайны, развязанай Расіяй, і неаднаразова ахвяравала ў падтрымку грамадзян Украіны. Улетку 2022-га яе ўнеслі ў спіс юрыдычных асоб з акцыянерамі з недружалюбных краін.
вх