У ноч з 5 на 6 красавіка на Магілёўшчыне і Міншчыне непагадзь з моцным ветрам, дажджом і мокрым снегам прывяла да масавых адключэнняў электрычнасці, паведамляе belsat.eu.
Паводле інфармацыі «Магілёўэнерга», раніцай 6 красавіка без святла заставаліся 142 населеныя пункты, пераважна ў Бабруйскім, Асіповіцкім, Кіраўскім і Магілёўскім раёнах. Для аднаўлення электразабеспячэння задзейнічалі 49 брыгад і 55 адзінак тэхнікі.
Паводле энергетыкаў «Мінскэнерга», зараз ідзе актыўная праца па ўзнаўленні электразабеспячэння ў больш як 130 паселішчах. Найбольш пацярпелі Пухавіцкі і Слуцкі раёны.
У сталіцы Беларусі прыбіраннем снегу займаецца больш за 70 машын спецтэхнікі.
Тым часам Белгідрамет выдаў папярэджанне пра неспрыяльныя гідраметэаралагічныя з’явы (аранжавы ўзровень) і ўзмацненне на большай частцы тэрыторыі краіны ветру з парывамі да 15–20 м/с. Па паўднёва-ўсходняй частцы Беларусі – моцны мокры снег, завіруха.
эж