Да 87-гадовай маці праваабаронцы Леаніда Судаленкі, які знаходзіцца за мяжой, прыходзілі сілавікі. Ён лічыць, што гэты візіт не выпадковы, - піша euroradio.
«Прымусілі 87-гадовую жанчыну падпісаць пратакол пра маю адсутнасць у доме, які я пакінуў яшчэ ў часы СССР, — піша Судаленка ў Facebook. — Яны ведаюць, дзе я — і ўсё роўна прыйшлі! Ім абыякавы яе ўзрост, здароўе, сэрца. Яны прыйшлі, каб зламаць. Каб учыніць боль. Каб сказаць: «Твой сын — злачынец. Ён у вышуку».
Леанід Судаленка адзначае, што нават седзячы за кратамі, ніколі не казаў маці, дзе знаходзіўся — бярог яе здароўе.
Судаленка — былы палітвязень. За кратамі быў са студзеня 2021 года. У лістападзе 2021-га яго асудзілі на 3 гады зняволення за тое, што ён дапамагаў рэпрэсаваным і іх сем'ям. Праваабаронца выйшаў на волю ў ліпені 2023-га, цалкам адбыўшы свой тэрмін, і праз два тыдні пакінуў Беларусь.
Мінулым летам у Гомелі аб'явілі завочны прысуд Леаніду Судаленку за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» — 5 гадоў калоніі строгага рэжыму і вялізны штраф — 26 тысяч рублёў.
эж