Беларуская Служба

«Гомсельмаш» узяў крэдыт для выплаты заробкаў: завод перажывае сур'ёзны крызіс

07.04.2025 18:22
Прадпрыемства ўжо працяглы час працуе са стратамі, заробкі рэгулярна скарачаюцца, што прыводзіць да масавага звальнення кваліфікаваных кадраў. 
Кормаўборачны камбайн вытворчасці "Гомсельмаш"Фота: https://bel.gomselmash.by

Сітуацыя на «Гомсельмашы», буйным беларускім вытворцы сельскагаспадарчай тэхнікі, пагаршаецца. Як стала вядома ад крыніцаў «Белсату», звязаных з прадпрыемствам, Завод ліцця і нармаляў (ЗЛіН), які ўваходзіць у склад аб'яднання, быў вымушаны ўзяць крэдыт у банку, каб выплаціць заробкі работнікам у пачатку 2025 года.

Паводле ананімнай крыніцы, прадпрыемства ўжо працяглы час працуе са стратамі, заробкі рэгулярна скарачаюцца, што прыводзіць да масавага звальнення кваліфікаваных кадраў. Праз дэфіцыт спецыялістаў кіраўніцтва вымушанае перакіроўваць работнікаў з адных падраздзяленняў у іншыя, нярэдка нават не паводле профілю іхнай асноўнай дзейнасці. Гэта адмоўна ўплывае на агульную якасць вырабленай прадукцыі.

Прадпрыемства значна залежыць ад рынку РРасіі куды пастаўляе каля 80% сваёй прадукцыі. Аднак расійскія эксперты прагназуюць у 2025 годзе далейшае зніжэнне попыту на сельгастэхніку на 10–15 %. Ужо ў студзені сёлета продажы сельгастэхнікі ў Расію скараціліся на 31,5 %, асабліва сур'ёзна зменшыліся пастаўкі самаходных кормаўборачных камбайнаў (на 55,6 %) і зернеўборачных камбайнаў (на 51,5 %).

эж