Дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Аляксей Ганчарэнка заявіў, што ва ўкраінскі палон сталі часцей трапляць беларусы, якія ваююць на баку Расіі, паведамляе «Радыё Свабода».
Найчасцей — у баях у Данецкай і Луганскай абласцях. Ганчарэнка сказаў, што не мае інфармацыі аб колькасці палонных беларусаў, якія трапілі ва ўкраінскі палон.
Раней у сваім Telegram-канале ён паведамляў, што сярод палонных есць «дастаткова блізкія да Лукашэнкі і ягонай сістэмы людзі», якія «ужо пачалі даваць паказанні пра ўсё тое, што адбываецца ў Беларусі». Аляксей Ганчарэнка мяркуе, што такія сведчанні могуць быць уключаныя ў матэрыялы будучага трыбуналу над Лукашэнкам.
«Радыё Свабода» высветліла, што на цяпер ва ўкраінскім палоне знаходзяцца прынамсі пяць грамадзян Беларусі, прозвішчы якіх вядомыя. Толькі ў аднаго з іх не было праблем з законам.
Сваякі яшчэ трох грамадзян Беларусі, якія пайшлі ваяваць на баку Расіі, заявілі аб іхным знікненні бязь вестак.
Расійскае камандаванне звычайна ўключае грамадзян Расіі, якія зніклі з месца баявых дзеянняў у спісы тых, хто самавольна пакінуў вайсковую частку. Але беларусаў у такім пераліку няма. Таксама няма іх у спісах на абмен.
Ва ўкраінскім дзяржаўным праекце «Хачу знайсці», які займаецца зборам інфармацыі аб ваеннапалонных, зніклых без вестак і загінулых расійскіх вайскоўцаў, паведамілі, што пакуль не маюць зведзенай інфармацыі аб колькасці палонных беларусаў і заявак грамадзян Беларусі аб пошуку сваіх блізкіх, якія пайшлі ваяваць на баку Расіі.
яс