На пляцоўцы будаўніцтва новага комплексу Нацыянальнага гістарычнага музея і “парку народнага адзінства” падчас суботніка 12 красавіка вырашылі высадзіць чырвоныя дубы пры ўдзеле Аляксандра Лукашэнкі, вынікае з паведамлення неафіцыйнага тэлеграм-канала прэс-службы апошняга.
“Першы ўжо ў працэсе. На тэрыторыі парку высаджваюць чырваналістыя дубы (гутарковая назва дуба чырвонага, або Quercus rubra — “Позірк”.). 80 саджанцаў у гонар 80-годдзя Вялікай Перамогі”, — гаворыцца ў паведамленні.
Варта адзначыць, што навукоўцы лічаць дуб чырвоны відам, які шкодзіць мясцовай флоры, - піша "Позірк".
Старшы навуковы супрацоўнік сектара кадастра расліннага свету Інстытута эксперыментальнай батанікі Нацыянальнай акадэміі навук Леанід Чумакоў у 2019 годзе пісаў у навукова-папулярным часопісе “Родная прырода”, што натуральны арэал росту дуба чырвонага — Паўночная Амерыка (паўночны захад ЗША і паўднёвы ўсход Канады).
У Еўропу дуб чырвоны завезлі ў канцы XVII стагоддзя. На пачатку XX стагоддзя від пачалі шырока вырошчваць у гадавальніках і на прысядзібных участках на тэрыторыі Беларусі, у другой палове — актыўна ствараць лясныя культуры.
Сёння, як адзначаў навуковец, гэты від расце па ўсёй краіне, найбольш шырока — у Брэсцкай вобласці. “Дуб чырвоны, як выйшаў за межы пасадак, пачаў актыўна асвойваць натуральныя насаджэнні. Шмат яго і непасрэдна ў зялёнай зоне Мінска”, — пісаў Чумакоў.
“Масавы распаўсюд гэтага віду ў лясах Беларусі можа негатыўна адбіцца на біялагічнай разнастайнасці, паколькі ён, ствараючы гушчары ў лясных масівах, з часам можа выціснуць як многія пароды дрэў, так і падполагавую травяністую расліннасць”, — папярэджваў ён.
нг