Разглядаюцца два месцы для будаўніцтва другой АЭС у Беларусі – дадатковы блок БелАЭС у Астраўцы і новая АЭС у Магілёўскай вобласці. Пра гэта паведаміў «РІА Навіны» дырэктар другога дэпартамента краін СНД МЗС Расіі Аляксей Палішчук.
«Беларускія партнёры зацікаўлены ў працягу супрацоўніцтва з Расіяй у сферы атамнай энергетыкі, - паведаміў ён. — Цяпер разглядаюцца варыянты будаўніцтва ў Беларусі альбо дадатковага, трэцяга, энергаблока ўжо дзейнай БелАЭС у Астраўцы, альбо новай двухблочнай АЭС у Магілёўскай вобласці».
Ён таксама адзначыў, што работа па тэхніка-эканамічным абгрунтаванні будаўніцтва другой АЭС у Беларусі павінна быць завершана да сярэдзіны года.
«Люстэрка» нагадвае, што ў канцы сакавіка ў Мінэнерга заяўлялі, што вядзецца падрыхтоўка да тэхнічных перамоваў з Расіяй аб будаўніцтве ў Беларусі другой атамнай электрастанцыі.
Аляксандр Лукашэнка на перамовах з Уладзімірам Пуціным у Крамлі 13 сакавіка папрасіў, каб «Расатам» пабудаваў у Беларусі яшчэ адну АЭС.
Такую ідэю Лукашэнка агучваў і раней. Нядаўна ён загаварыў пра гэта падчас наведвання Мінскага тэхнапарку. Яшчэ ў жніўні 2023 года ён зазначыў, што станцыю можна было б пабудаваць на ўсходзе краіны. Намеснік Мінэнерга Расіі Павел Сніккарс на гэта адказаў, што ў Расіі да ініцыятывы ставяцца «стрымана і з асцярожнасцю». У кастрычніку таго ж года Лукашэнка паўтарыў сваю прапанову, дадаўшы, што другая АЭС была б для краіны «вельмі-вельмі выгаднай». Пры гэтым у экспертаў мэтазгоднасць з'яўлення другой АЭС у Беларусі выклікае пытанні.
Пад узвядзенне БелАЭС Мінск атрымаў ад Расіі крэдыт на 10 млрд долараў (які пакуль патрацілі не ўвесь), плюс каля 10% кошту праекта планавалася выдаткаваць з бюджэту Беларусі. У 2019 годзе Аляксандр Лукашэнка ацэньваў кошт праекта ў 7 млрд долараў.
Люстэрка/ав