Беларуская Служба

Кіраўнік Мінадукацыі расказаў, чаму некаторыя дыпломы польскіх ВНУ не прызнаюць у Беларусі

17.04.2025 16:30
У некаторых выпадках часам прасцей нанава паступіць і атрымаць беларускую адукацыю, заяўляе міністр адукацыі.
   .  .
Студэнты гістарычнага факультэта БДУ. Ілюстрацыйнае фота.https://t.me/official_bsu

Выпускнікоў некаторых вышэйшых навучальных устаноў Польшчы і Літвы, якія хочуць працаваць па спецыяльнасці ў Беларусі, прасцей нанава навучыць па беларускіх стандартах, чым прызнаваць іх дыпломы. Так заявіў міністр адукацыі рэспублікі Андрэй Іванец, паведамляе zerkalo.io.

Іванец зазначыў, што ў Міністэрства адукацыі Беларусі прыходзяць выпускнікі польскіх і літоўскіх ВНУ, каб прайсці працэдуру прызнання дыплома і працаваць у Беларусі. Міністр нагадаў, што працэдура зразумелая і празрыстая: вучэбная праграма, рэалізаваная ў замежнай ВНУ, параўноўваецца з той, якая адпавядае гэтай спецыяльнасці ў беларускім універсітэце.

— Адзін з такіх прыёмаў скончыўся тым, што пасля заканчэння польскага ўніверсітэта працэнт аб'ёму засвоенай праграмы ў выпускніка, згодна з такім жа напрамкам у нашай ВНУ, склаў крыху больш за 50%. Пагадзіцеся, мы не можам прызнаць гэты дыплом, — канстатаваў кіраўнік адукацыйнага ведамства.

Паводле яго слоў, у некаторых выпадках часам прасцей нанава паступіць і атрымаць беларускую адукацыю, напрыклад, у завочнай форме, «чым давучваць тых спецыялістаў, якія прыязджаюць з Польшчы і Літвы, у прыватнасці».

вх