Беларуская Служба

Палітзняволенага, ваеннага эксперта Ягора Лебядка на паўгода адправілі ў ПКТ у калоніі

17.04.2025 18:36
Палітзняволенага, ваеннага эксперта Ягора Лебядка «адправілі на шэсць месяцаў у ПКТ і круцілі на 411 артыкул». Што вядома пра ціск на вайсковага аналітыка.
Ягор ЛебядокФота з прыватнага архіву

Да нядаўняга часу ў папраўчай калоніі нумар 22 адбываў тэрмін палітзняволены Ягор Лебядок, якому прысудзілі 5 гадоў калоніі. У снежні 2024 года яму замянілі рэжым утрымання на турэмны. 

Былы палітвязень Антон падзяліўся вядомай інфармацыяй пра Ягора, паведамляе ПЦ «Вясна»:

«Па апошняй інфармацыі, да майго вызвалення, яго адправілі на шэсць месяцаў у ПКТ і "круцілі" на 411 артыкул. Лебядок вельмі юрыдычна падкаваны, яго складана ім патапіць. Бо, як даходзіла інфармацыя з ШІЗА ад людзей, якія з ім сядзелі, што прыходзіць да яго Пірог (супрацоўнік ПК-22), дае анучу і кажа: «Ідзі, мый».  Увогуле ў калоніі гэта праца тых, хто мае «нізкі сацыяльны статус». Гэта робіцца спецыяльна, каб прынізіць, а калі адмаўляешся выконваць наказ, табе адразу пішуць спагнанне. Але ён прыгожа з гэтага сыходзіў. Як мне перадавалі, ён казаў:

«Я не адмаўляюся выконваць, але я буду выконваць іншую працу, якая не будзе шкодзіць майму гонару і сацыяльнаму статусу».

Мінскі абласны суд прызнаў вайсковага аналітыка Ягора Лябядка вінаватым у садзейнічанні «экстрэмісцкай» дзейнасці (частка 1 і частка 2 артыкула 361-4 КК РБ) і прысудзіў яго да 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Ягор Лябёдак праходзіў службу ў 120-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгадзе на пасадзе камандзіра ўзвода. З 2010 па 2014 год ён быў дэпутатам Смалявіцкага раённага Савета дэпутатаў.

Ягор Лебядок актыўна каментаваў бягучыя падзеі. Разам з тым прынцыпова не з'язджаў з Беларусі, ён жыў у Смалявічах пад Мінскам.

«Не бачыць на адлегласці рукі»

Яшчэ адзін палітзняволены, з якім перасякаўся Антон, гэта беларускі палітолаг і грамадскі дзеяч, актывіст прафсаюза РЭП 70-гадовы Вацлаў Арэшка.

«Арэшку таксама памілаванне прапаноўвалі, але ён адмовіўся. Ён спрабаваў атрымаць інваліднасць па зроку, бо фактычна не бачыць на адлегласці рукі. Але, відавочна, ніхто не зрабіў.

Гэта як у мяне было. Пачаліся праблемы з тазасцегнавым суставам. Прыязджалі лекары, яны сказалі, што трэба рабіць здымак. На гэтым усё і скончылася. Пасля вызвалення зрабіў здымак, і сказалі, што дысплазія. Але ўсім там на гэта пляваць.

Там толькі калі ўжо будзеш паміраць, то тады так, могуць адправіць у гэту новую бальніцу, што ў Калядзічах пабудавалі».

«Яму неяк "мойку" падкінулі»

Антон згадаў, што журналісту і тэлевядоўцу, які раней займаў кіраўніка "прэзідэнцкага пулу" тэлеканала АНТ Дзмітрыю Семчанку прапаноўвалі здымацца ў прапагандысцкім фільме: 

«Семчанку некалькі разоў пакаталі ў "ШІЗА". Яму неяк "мойку" (лязо) падкінулі. Яму прапаноўвалі даць інтэрв'ю прапагандыстам. Але, на колькі ведаю, прыязджалі і здымалі іншага, у якога сетка турыстычнага бізнесу па Беларусі (гаворка пра Аляксандра Мірскага)».

вх