Дзяржаўны ўкраінскі праект «Хачу жыць», які выконвае Каардынацыйны штаб у пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі, апублікаваў прозвішчы 742 грамадзян Беларусі, якія з 2023 года ваююць супраць Украіны на баку Расіі, з іх 96 ужо загінулі.
«Гэта толькі тыя, пра каго нам вядома. Мы ацэньваем, што агульная колькасць наймітаў значна большая. Спіс загінулых таксама няпоўны. Гэта толькі тыя, пра якіх мы на 100 адсоткаў ведаем, калі яны загінулі і дзе пахаваныя», - паведамілі «Свабодзе» ў праекце «Хачу жыць».
Гэты праект створаны адмыслова для расійскіх вайскоўцаў, якія не хочуць ваяваць і гатовы здацца ва ўкраінскі палон.
Згодна з інфармацыяй Каардынацыйнага штабу, беларусаў актыўна пачалі вербаваць на службу ў расійскую армію паводле кантракту з другога квартала 2023 года. З таго часу колькасць заключаных з грамадзянамі Беларусі кантрактаў расце.
Як і ўсе іншаземцы, грамадзяне Беларусі праходзяць праз адмысловыя пункты адбору на вайсковую службу. Найчасцей у Маскве ці Падмаскоўі, а таксама ў Растове. Сярод «расійскіх» навабранцаў шмат колішніх зняволеных.
Як паведамілі «Свабодзе», цяпер ва ўкраінскім палоне знаходзяцца сем грамадзян Беларусі.
Найбольш сярод тых, хто ваюе на баку Расіі, нарадзіліся ў савецкі час (1960–1970). Яны былі юнакамі, калі спыніў існаванне СССР. Найстарэйшаму з іх - 67 гадоў.
Як паведамілі ў праекце «Хачу жыць», абнародаваны спіс, імаверна, складае толькі частку імёнаў тых беларусаў, якія пайшлі ваяваць на баку Расіі.
Раней ва Украіне абнародавалі спісы грамадзян Казахстану, Кіргізстану і Таджыкістану, якія падпісалі кантракт з расійскай арміяй і пайшлі ваяваць супраць Украіны. Цяпер ва Украіне збіраюць і апрацоўваюць звесткі аб грамадзянах Узбекістану, якія таксама ваююць на баку Расіі.
аз