Беларуская Служба

Беларускія ўлады летась даслалі запыт на выдаленне 50 відэа з YouTube. Ім адмовілі

02.05.2025 11:47
Дэталі запыту невядомыя.
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Engin_Akyurt /pixabay.com/CC0 Public Domain

Google выпусціў штогадовую справаздачу, у якой расказвае, колькі запытаў ён атрымаў на выдаленне кантэнту і якое прыняў рашэнне, паведамляе Наша Ніва.

За 2024 год ён атрымаў 7 запытаў на выдаленне кантэнту з Беларусі — усяго 58 адзінак кантэнту. З іх 56 — гэта відэа на ютубе, адзін — вэб-пошуку і яшчэ адзін не названы.

Два звароты былі ад не названага дзяржаўнага органа. Адзін з іх — на выдаленне 51 відэа з ютуба. Прычына не пазначана.

Па запыце ім адмовілі. Гэта бачна, калі адсартаваць запыты па адпраўніках за другое паўгоддзе і абраць «дзяржаўныя службовыя асобы».

На сайце прыводзяцца выбраныя кейсы, па якіх прымаў рашэнне Google. Сярод кейсаў ёсць адзін за 2020 год — тады Міністэрства інфармацыі падало пазоў на выдаленне відэа з «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Google адмовіў, бо ніякіх «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у відэа не адшукаў.

Калі меркаваць па звестках Google, то пасля жніўня 2020-га ніводны запыт ад дзяржаўных структур Беларусі не быў ухвалены (за перыяд да 2019-га няма дэтальнай статыстыкі, таму меркаваць цяжка).

НН/ав