Беларуская Служба

Беларусь па-ранейшаму ў канцы сусветнага рэйтынгу свабоды прэсы

02.05.2025 13:04
Беларусь займае 166-е месца са 180 у сусветным рэйтынгу свабоды прэсы за 2025 год, які складае міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў».
Ілюстрацыйны здымакфота: Pixabay.com/Andrys

У параўнанні з 2024 годам Беларусь паднялася ў рэйтынгу на адну пазіцыю (з 167 на 166 месца), абагнаўшы Расію. У папярэднія гады Беларусь таксама была ў канцы рэйтынгу, але вышэй чым сёлета: у 2023 годзе — на 157 месцы, у 2022 годзе — на 153-м, у 2021 годзе — на 158 месцы.

Беларусь у рэйтынгу свабоды прэсы за 2025 год апынулася паміж Кубай (165-е месца) і Азербайджанам (167-е месца).

Найлепшае становішча са свабодай прэсы сёлета, паводле рэйтынгу — у Нарвегіі. У топ-5 краінаў апынуліся Эстонія (2-е месца), Нідэрланды (3-е), Швецыя (4-е) і Фінляндыя (5-е).

Найгоршае становішча са свабодай прэсы — у Эрытрэі (яна займае апошняе 180-е месца), Паўночнай Карэі (179-е месца), Кітаі (178-е), Сірыі (177-е) і Іране (176-е).

Сярод краін-суседзяў Беларусі горш за ўсе справы ідуць у Расіі — у індэксе свабоды прэсы за 2025 год яна заняла 171-е месца. Літва займае 14-е месца, Латвія — 15-е, Польшча — 31-е, Украіна — 62-е месца.

На старонцы, прысвечанай Беларусі, «Рэпарцёры без межаў» нагадваюць, што Беларусь, «самая небяспечная краіна Еўропы для журналістаў да ўварвання Расіі ва Украіну», працягвае масавыя рэпрэсіі супраць незалежных СМІ, а таксама з'яўляецца адным з лідараў па колькасці зняволеных журналістаў у свеце і адметная тым, што за кратамі там знаходзіцца вялікая колькасць жанчын-журналістаў.

«Рэпарцёры без межаў» лічаць Беларусь «галоўным турэмшчыкам журналістаў» у Еўропе. 

Свабода/ав