Беларуская Служба

Блогера Сяргея Бяспалава завочна асудзілі да 18 гадоў калоніі

02.05.2025 15:25
Паводле следства, Бяспалаў з'яўляецца стваральнікам і кіраўніком «экстрэмісцкага фармавання» «Мая краіна Беларусь».
Сяргей Бяспалаўфота: Вясна

Мінскі абласны суд у межах спецвытворчасці разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да Сяргея Бяспалава. Суддзя Аляксандр Рыбакоў прызнаў яго вінаватым паводле шэрагу крымінальных артыкулаў і прызначыў 18 гадоў пазбаўлення волі і штраф у памеры 1 000 базавых велічынь (42 000 рублёў), паведамляе Генпракуратура. Паводле следства, Бяспалаў з'яўляецца стваральнікам і кіраўніком «экстрэмісцкага фармавання» «Мая краіна Беларусь».

Блогера прызналі вінаватым паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса:

ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады);

ч. 1 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі);

ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх);

ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, ды іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі)

ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку);

ч. 2 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі).

Па сукупнасці злачынстваў Бяспалаву прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 18 гадоў са штрафам у памеры 1 000 базавых велічынь (42 000 рублёў).

У чым канкрэтна абвінавацілі блогера?

Раней Генпракуратура паведамляла, што Бяспалаў здзяйсняў «змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады» з траўня 2020 года, пры гэтым ён спачатку знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі (пераважна ў Мінску), а пасля 2 ліпеня 2020 года — за яе межамі (пераважна ў Літве, Чэхіі, Украіне і Польшчы). Прычым займаўся ён гэтым у складзе групы. У яе сілавікі ўключылі людзей «якія маюць дачыненне да арганізацыі працы тэлеграм-каналаў «NEXTA», «Беларусь головного мозга» ды іншых».

Роля Бяспалава, паводле версіі следства, у тым, што ён «шляхам сумесных і скаардынаваных дзеянняў забяспечыў размяшчэнне на падкантрольным яму тэлеграм-канале «МАЯ КРАІНА БЕЛАРУСЬ» тэкставых публікацый, фотавыяваў, відэазапісаў ды іншых інфармацыйных паведамленняў са звесткамі аб планаванні ды заклікамі да ўдзелу ў масавых беспарадках, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці ды ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады».

«Ён жа ў мэтах радыкалізацыі пратэснай актыўнасці, уцягвання шырокага кола людзей у масавыя беспарадкі ды супрацьпраўныя дзеянні размяшчаў на пастаяннай аснове на падкантрольных яму інтэрнэт-рэсурсах заклікі да ўдзелу грамадзян у несанкцыянаваных мерапрыемствах, а таксама здзяйснення іншых наўмысных злачынстваў, уключна з актамі тэрарызму», — паведамілі ў Генпракуратуры.

Акрамя гэтага, у выніку яго дзеянняў дзяржаве нібыта нанесены ўрон у суме звыш 30,9 мільёна рублёў.

Спецыяльную вытворчасць супраць Сяргея Бяспалава Следчы камітэт пачаў 13 снежня 2024 года. Справу Бяспалава пачалі разглядаць 26 лютага ў Мінскім абласным судзе.

Вясна/ав