Беларуская Служба

БАЖ і Марыя Калеснікава атрымаюць нямецкую Прэмію Гюнтэра Вальрафа за свабоду прэсы і правы чалавека

08.05.2025 07:08
Гэта прызнанне з боку міжнароднай супольнасці таго, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі патрабуе дадатковай увагі.
           2024-
Уручэнне прэміі Гюнтэра Вальрафа за свабоду прэсы і правы чалавека ў 2024-м годзеhttps://www.facebook.com/nachrichtenaufklaerung

Прэмія Гюнтэра Вальрафа (Günter Wallraff Prize for Press Freedom and Human Rights) прысуджаецца ініцыятывай Initiative for News Enlightenment і паклікана прыцягнуць увагу да тэм і дыскурсаў, якія не знаходзяцца на паверхні міжнародных медыя. Сёлета яе ўручаць 9‑га траўня ў Кёльне, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

На думку стваральнікаў ініцыятывы, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі сёння патрабуе дадатковай увагі.

У прыватнасці, сітуацыя са свабодай прэсы і тымі актывістамі, якія ў цяперашні час знаходзяцца ў турмах у Беларусі за сваю прыхільнасць да свабоды і правоў чалавека, у значнай ступені знікла з асвятлення і грамадскай свядомасці.

Таму сёлета пераможцамі прэміі названыя Беларуская асацыяцыя журналістаў — за важную шматгадовую працу па абароне журналістаў і свабоды слова. А таксама палітзняволеная Марыя Калеснікава — сімвалічная фігура, якая можа выступаць у якасці прадстаўніка многіх людзей, якія ахвяравалі сваёй свабодай і жыццём за свабодную і дэмакратычную Беларусь.

— Гэтая прэмія для нас — яшчэ адна важная магчымасць нагадаць пра 40 журналістаў і журналістак, якія сёння знаходзяцца ў турмах Лукашэнкі за сваю прафесію. Патрабаванне вызваліць медыйшчыкаў павінна гучаць на ўсіх міжнародных пляцоўках, бо гэтыя людзі проста ўзятыя ў закладнікі за сваю працу. У цэнтры Еўропы як мінімум 1200 палітзняволеных, сярод якіх 40 журналістаў, — зазначыў намеснік старшыні БАЖ Барыс Гарэцкі.

У розныя гады лаўрэатамі Прэміі былі Аляксей Навальны, Джуліян Ассанж, Еўрапейская журналісцкая абсерваторыя, ізраільская і палестынская ініцыятывы Women Wage Peace і Women of the Sun.

Крыніца: БАЖ