Беларуская Служба

Малодшага брата палітвязня Ігара Лосіка, Мікіту, затрымалі за перасылку здымкаў «Беларускаму Гаюну»

09.05.2025 11:55
Як паведаміў фонд «Краіна для жыцця», гэта здарылася яшчэ ў сярэдзіне красавіка, цяпер ён у зняволенні.
 ,  .
Мікіта Лосік, архіўнае фота.ТГ "Вясна"

Свабода паведамляе, што яе крыніцы пацвярджаюць затрыманне Мікіты Лосіка ў Воршы на пачатку красавіка.

Паводле інфармацыі Свабоды, Мікіту Лосіка вінавацяць у «спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці» за нібыта перасылку некалькіх фота перасоўвання расійскай вайсковай тэхнікі ў 2022 годзе тэлеграм-каналу «Беларускі Гаюн». Супраць Мікіты завялі крымінальную справу. Лосіка трымаюць у Віцебскім СІЗА.

Сёлета ў лютым стала вядома, што сілавікі атрымалі доступ да базы кантактаў маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн». Кіраўнік праекту Антон Матолька публічна прызнаў факт узлому і заявіў пра спыненне працы каналу. Вядома як мінімум пра некалькі выпадкаў арыштаў, падставай для якіх сталі прысланыя вясной 2022 году ў «Беларускі Гаюн» фота і відэа з расійскімі вайскоўцамі і тэхнікай. Арыштаваным выставілі абвінавачанні ў «спрыянні экстрэмізму» паводле 4-й часткі 361-га артыкулу Крымінальнага кодэксу. Яна прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі або пазбаўлення волі да сямі гадоў.

Ігара Лосіка затрымалі ранкам 25 чэрвеня 2020 году ў яго дома ў Баранавічах. Яго абвінавацілі паводле 342-га артыкулу Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя масавых беспарадкаў і ўдзел у іх»), а пазней яшчэ паводле двух артыкулаў — 293-га і 130-га. 41 дзень (з 15 снежня 2020 па 25 студзеня 2021 году) Ігар трымаў галадоўку на знак пратэсту супраць выстаўлення новых абвінавачанняў у «рыхтаванні да ўдзелу ў масавых беспарадках». Пасля выстаўлення яшчэ і трэцяга абвінаваўчага артыкулу ў сакавіку 2021 году Ігар Лосік на вачах у следчага і адваката пашкодзіў сабе вены на руцэ.

14 снежня 2021 году Гомельскі абласны суд на закрытым пасяджэнні ў СІЗА-3 прыгаварыў Лосіка да 15 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Каментуючы прысуд праз жонку Дар‘ю, Ігар расказаў, што ў ягонай справе не было ніводнай экспертызы і ніводнага допісу, які б даказваў яго віну паводле выстаўленых абвінавачанняў.

18 кастрычніка 2022 году сілавікі затрымалі жонку Ігара Дар‘ю Лосік, якая змагалася за вызваленне мужа. Яе абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Дар’ю Лосік асудзілі на 2 гады калоніі агульнага рэжыму. Яна датэрмінова выйшла на волю 3 ліпеня 2024 году.

Праваабаронцы прызналі Ігара і Дар’ю Лосікаў палітзняволенымі. Рабочая група Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у адвольных затрыманнях прызнала, што ўрад Беларусі парушыў міжнароднае права ў галіне правоў чалавека, кінуўшы Лосіка за краты.

нг