Беларуская Служба

Пасажыры таксі будуць ведаць кошт паездкі да яе пачатку?

12.05.2025 19:27
У Беларусі прайшло грамадскае абмеркаванне праекта па карэкціроўцы правілаў аўтамабільных перавозак пасажыраў.
.
Таксі. Здымак мае ілюстрацыйны характарRasor/pixabay.com/CC0 Public Domain

Сярод змяненняў, якія ўносяцца ў правілы аўтаперавозак пасажыраў у Беларусі, значыцца абавязак вадзіцеля таксі перад пачаткам паездкі агучыць пасажыру яе кошт. Такім чынам, кліенты будуць лепш абароненыя ад неапраўдана высокіх тарыфаў, паведамляе auto.onliner.by.

Пра тое, колькі прапаноў паступіла падчас публічнага абмеркавання праекта, расказаў у праграме «Актуальнае інтэрв'ю» начальнік упраўлення аўтамабільнага і гарадскога пасажырскага транспарту Мінтранса Андрэй Гладкі.

Грамадскае абмеркаванне праекта ўрадавай пастановы, якой плануецца ўнесці карэкціроўкі ў правілы аўтамабільных перавозак пасажыраў, праходзіла ў Беларусі з 26 красавіка па 5 траўня.

Згодна з праектам гэтага дакумента пры паездках у таксі прапануецца выключыць выпадкі змянення спосабу аплаты і ўдакладніць пералік сітуацый, калі пасажыр мае права адмовіцца ад аплаты паездкі ў таксі.

За час грамадскага абмеркавання ў Мінтранс паступіла 36 разнастайных зваротаў як ад перавозчыкаў, гэтак і пасажыраў. Шэраг прапаноў быў поўнасцю падтрыманы, некаторыя маюць патрэбу ў дадатковай прапрацоўцы (у тым ліку з бізнес-супольнасцю).

Як дадаў Андрэй Гладкі, дакумент будзе дапрацоўвацца, яму трэба прайсці паўторнае ўзгадненне з дзяржаўнымі органамі, у розных асацыяцыях, радзе па развіццю прадпрымальніцтва.

Акрамя таго, ва ўсёй пасажырскай тэхніцы вырашылі ўстанаўліваць камеры. Гэта будуць рабіць на аснове станоўчага досведу ў машынах таксі.

«Станоўчы эфект адназначна ёсць: скарацілася колькасць скаргаў на якасць абслугоўвання і нявыдачу квіткоў за праезд. Разам з тым відэафіксатары - гэта і абарона для вадзіцеля ад несанкцыянаваных дзеянняў пасажыра, і інструмент у дапамогу кантралюючым органам,», — паясніў Андрэй Гладкі.

Плануецца, што праз тры гады ва ўсіх аўтобусах і маршрутках будуць стаяць камеры.

Яшчэ адна навіна - абсталяванне рамянямі бяспекі маршрутных таксі і аўтобусаў катэгорыі М3 для прыгарадных і міжгародніх перавозак. У гарадскіх аўтобусах пры гэтым рамяні ўсталёўваць не трэба (невялікія адлегласці і невысокая хуткасць), а вось маршруткі, задзейнічаныя на гарадскіх лініях, мабыць, давядзецца дааснасціць.

Яшчэ адна важная змена - забарона на стварэнне «чорных спісаў» пасажыраў, якія, па некаторых дадзеных, вядуць асобныя перавозчыкі. Прадстаўнік Мінтранса заявіў, што такая практыка незаконная.

аз