Беларуская Служба

Адміністратарку беларускай Вікіпедыі трымаюць на Акрэсціна

15.05.2025 11:58
Вольга Сітнік, вядомая пад нікам Хомелка, знікла 17 красавіка — раптоўна перастала правіць артыкулы і выходзіць на сувязь.
Вольга СітнікWikipedia/Беларуская служба ПР

Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», у той дзень Сітнік затрымлівалі, але адпусцілі дадому. Тыдзень таму Сітнік была затрыманая зноў і змешчана на 10 сутак на Акрэсціна.

Вольга Сітнік — хатняя гаспадыня з Мінска, якая гадуе трое непаўналетніх дзяцей. У Вікіпедыі яна з 2009 года піша пра беларускую традыцыйную культуру і прыроду, а таксама на такія тэмы, як грудное выкормліванне. Больш за два дзясяткі яе артыкулаў былі ўганараваныя статусам «добрых» ці «выдатных». З 2010 года бесперапынна з'яўляецца адміністратаркай беларускай Вікіпедыі.

Што магло паслужыць прычынай для пераследу невядома.

Нядаўна ў «СБ. Беларусь сегодня» выйшаў прапагандысцкі матэрыял Людмілы Гладкай, у якім прагучала, што Вікіпедыя — гэта зброя масавага паражэння супраць краін постсавецкай прасторы, а беларускі раздзел рэдагуецца з Польшчы.
яс