Беларуская Служба

Камітэт Еўрапарламента падтрымаў санкцыйныя тарыфы для Расіі і Беларусі

16.05.2025 15:03
Камітэт Еўрапейскага парламента падтрымаў санкцыйныя тарыфы на ўгнаенні і сельскагаспадарчую прадукцыю з Расіі і Беларусі.
 .
Ілюстрацыйнае фота. Фота: PAP

Дэпутаты Еўрапарламента ад Камітэта па міжнародным гандлі прынялі даклад па гэтым пытанні, падрыхтаваны Інэсэ Вайдэрэ, дэпутаткай Еўрапарламента ад Латвіі і членам Еўрапейскай народнай партыі. Цяпер дакумент будзе накіраваны на зацвярджэнне ў Еўрапейскі парламент. Раней паслы краін ЕС далі зялёнае святло на ўвядзенне забаронных тарыфаў.

Тарыфы былі прапанаваны Еўрапейскай камісіяй у канцы студзеня. І паслы краін ЕС, і дэпутаты Еўрапарламента прынялі гэтую прапанову без паправак. І калі гэта будзе пацверджана падчас сесіі Еўрапарламента, дадатковых перамоваў не спатрэбіцца.

Пошліны ўступяць у сілу з 1 ліпеня. 

Тарыфы ЕС паўплываюць на расійскія экспартныя даходы і ўскладняць Крамлю вайну супраць Украіны. Мытныя пошліны таксама дапамогуць знізіць залежнасць ад імпарту з Расіі і Беларусі. Такі імпарт, асабліва ўгнаенняў, робіць Еўрасаюз уразлівым да шантажу з боку абодвух рэжымаў і ўяўляе пагрозу для харчовай бяспекі. Пошліны маюць і дадатковае значэнне — яны прызначаны для падтрымкі прамысловасці ўгнаенняў у краінах ЕС, якая пацярпела падчас энергетычнага крызісу, а Польшча з'яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў угнаенняў. Адначасова Камісія запэўнівае, што гатовая адрэагаваць, каб фермеры ЕС не пацярпелі ад павышэння тарыфаў, і што кампенсацыя магчымая для змякчэння любога патэнцыйнага павышэння.

ІАR/вх