Беларуская Служба

У Беларусі падаражэюць айчынныя лекі

24.05.2025 10:36
У асноўным рост цэнаў складзе ад 4,5 % да 4,8 %
   .
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Ondrej Janovec/pixabay.com/CC0 Public Domain

Міністэрства аховы здароўя павысіла гранічныя максімальныя адпускныя цэны на лекі, якія вырабляюцца беларускімі арганізацыямі. Адпаведная пастанова № 45 ад 15 траўня была апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале ў суботу, 24 траўня.

Пастанова Мінздароўя павялічвае цэны на натрыю гідракарбанат, марфін, трымеперыдын, пілакарпін і фентаніл, на асобныя ўпакоўкі лапераміду, глюканату кальцыю, фоліевай кіслаты, амінафіліну, ларатадыну.

У асноўным рост цэнаў складзе ад 4,5 % да 4,8 %, адзначае Reform.news. Дакумент набывае моц пасля афіцыйнага апублікавання.

Нагадаем, што месячная інфляцыя ў красавіку паскорылася да 1 % пасля 0,8 % у сакавіку. У параўнанні з пачаткам года індэкс спажывецкіх цэнаў вырас на 3,8 %, а за год – на 6,5 %. І гэта пры тым, што мэтавы паказнік інфляцыі па выніках 2025 года павінен не перавышаць 5 %.

Еўразійскі банк развіцця адзначыў, што рост коштаў паскорыўся ўва ўсіх ключавых кампанентах спажывецкага кошыку, пры самым прыкметным росце ў спажывецкіх таварах. Асноўнымі фактарамі росту цэнаў у аглядзе названыя далейшае паслабленне беларускага рубля да расійскага і паскарэнне росту цэнаў на сезонную гародніну і садавіну.

А ў Міністэрстве эканомікі Беларусі заявілі, што рост цэнаў паскорыўся ў сувязі з прынятымі пастановамі наконт павышэння рэгуляваных цэнаў (тарыфаў), а таксама з ростам цэнаў на некаторыя пазіцыі тавараў, пераважна імпартаваныя.

эж