Маці праваабаронцы і былога палітвязня Леаніда Судаленкі пасля візіту сілавікоў забрала хуткая. Сафія Сьцяпанаўна трапіла ў рэанімацыю ў Брагінскі шпіталь.
Праваабаронца паведаміў, што сілавікі запатрабавалі ад 87-гадовай жанчыны падпісаць пратакол пра адсутнасць сына. Хоць сам праваабаронца не жыў у доме бацькоў, як ён піша, «з часоў СССР». «Яны ведаюць, дзе я, але ж робяць выгляд, што шукаюць», — пракаментаваў былы палітвязень, які цяпер жыве па-за межамі Беларусі.
У лістападзе 2021 года Судаленку асудзілі на тры гадоў пазбаўлення волі, абвінаваціўшы ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці». Так рэжым ацаніў тое, што праваабаронца дапамагаў рэпрэсіраваным і іх сем'ям.
Пасля вызвалення ў 2023 годзе ён пакінуў Беларусь і выехаў у Літву, але рэпрэсіі супраць яго працягваюцца. У 2024-м Судаленку завочна асудзілі на пяць гадоў строгага рэжыму. У сакавіку 2025-га стала вядома, што Следчы камітэт пачаў на яго трэцюю справу паводле таго ж артыкула — «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 КК Беларусі).
эж